У Менску адбыўся ператрус у офісе „Белсату” (абноўлена)



Некалькі гадзін у самым цэнтры Менску, у офісе тэлеканала «Белсат» па вуліцы Кастрыніцкай трываў ператрус. У выніку былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Супрацоўнікі міліцыі пакінулі пад’езд у насунутых на твары масках. Прадстаўнік «Белсату» Мікола Дзябёла распавёў, што забралі з офіса сілавікі.

– Два сістэмныя блокі і тры ноўтбукі. Плюс усе астатнія носьбіты інфармацыі, якія тут знайшлі. Іх цікавіла ўся інфармцыя, што змешчана на нейкіх носьбітах. У адпаведнасцю з працэдурай, яны ўсё забралі з сабой. Як вы бачылі, яны шмат скрыняў вынеслі. Адзінае, я бы хацеў параіцца з юрыстам-адвакатам, бо следчы мне забараніў узгадваць нумар крымінальнага артыкула, па якім узбуджана крымінальная справа. Я параюся і высветлю, наколькі гэта законна.

Нагадаем, у Менску цэлую раніцу праходзіў ператрус на офісе незалежнага тэлеканалу «Белсат». Супрацоўнікі каналу лічаць ператрус чарговай спробай зачысціць інфармацыйнае поле Беларусі ад незалежнай журналістыкі, якая нярэдка крытыкуе цяперашнюю ўладу.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

***

Журналіст Алесь Залеўскі мяркуе, што ператрус можа быць звязаны з крымінальнай справай, якую пачалі па факце адной з публікацый.

Улетку ў сваім тэлесюжэце тэлеканал паведамляў, што ў межах расьледаваньня па карупцыі ў медычнай сфэры затрымалі Алега Шведа.

Калі інфармацыю прадублявалі на сайт у тэксце, памылкова ўказалі, што затрыманыя абодва браты Шведы, у тым ліку Андрэй Швед, генерал, які быў абвінаваўцам па справе выбуху ў менскім метро.

Андрэй Швед напісаў ліст Ігару Шуневічу, каб прыцягнуць да адказнасці журналістаў за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі. Следчы камітэт праводзіў праверку і летась у лістападзе прыняў рашэнне не пачынаць крымінальную справу. Але ў студзені 2019-га менская пракуратура вярнулася да гэтай справы.

Алесь Залеўскі цяпер праходзіць сведкам, следчыя спрабуюць высветліць, хто распаўсюдзіў інфармацыю на сайце. Былі дапытаныя супрацоўнікі, Залеўскага правярала падатковая інспекцыя.

***

Стала вядома, што ў офіс тэлеканала „Белсат” у Менску прыйшлі міліцыянты рабіць ператрус.

На гэта маецца пастанова Следчага камітэта. У межах якой справы праводзіцца гэта следчае дзеянне, пакуль невядома.

Побач з домам, дзе месціцца офіс, знаходзяцца журналісты. У пад’езд супрацоўнікі міліцыі нікога не пускаюць. Журналісты „Белсата”, якія былі ў офісе, на званкі не адказваюць.

Міліцыянты зайшлі ў пад’езд з пілой-„балгаркай”, якой можна разрэзаць металічныя дзверы.

Пад’езд дома, дзе знаходзіцца офіс «Белсату», ахоўвае міліцыянт, не прапускае нікога апрача жыхароў.

Паводле прэс-службы БАЖ

Фота Кастуся Багушэвіча