У Менску адбыўся Сойм Руху Салідарнасці „Разам”



27 траўня адбылося чарговае паседжанне Сойму Руха Салідарнасці “Разам”, якое пачалося з вітання Вячаслава Сіўчыка на волі  і падзякі за яго мужныя паводзіны падчас апошніх арыштаў.

Па першым пытанні парадка дня з дакладам “Аб неабходных мерах па ахове гісторыка-культурнай каштоўнасці І катэгорыі „Урочышча Курапаты” выступіла сябра Сойму Валянціна Вяргей. Была прынята выніковая рэзалюцыя “Аб ушанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Курапатах”.

Па другім пытанні з дакладам “Аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі” выступіў сябра Сойму Вячаслаў Сіўчык. Было прынята рашэнне Сойму, што асноўнай мэтай на бліжэйшы перыяд з’яўляецца абарона незалежнасці Рэспублікі Беларусь  і паступовае вяртанне правоў і свабодаў яе грамадзянам.  А таксама былі прыняты дзве заявы: “Свабоду беларускім патрыётам!” і “Спыніць здзек і катаванні ў дачыненні да адміністратыўна арыштаваных!”.

Кіраўніцтву Руха было дадзена даручэнне прыняць у бліжэйшы перыяд яшчэ некалькі заяваў па актуальных для грамадства тэмах, узнятых падчас выступу сябраў Сойму.

ЗАЯВА

СОЙМУ РУХУ САЛІДАРНАСЦІ “РАЗАМ”

Свабоду беларускім патрыётам!

Сойм Руха Салідарнасці “Разам” лічыць  палітычнай крымінальную справу, узбуджаную напярэдадні Дня Волі,  супраць актывістаў былога “Белага Легіёну”, “Ваяра”, іншых беларускіх патрыётаў, і вызнае іх усіх палітвязнямі.

Лічым гэтую справу цалкам інспіраванай і сфабрыкаванай спецслужбамі і адзначаем падабенства  “справы патрыётаў” да змрочных чэкісцкіх справаў 20-га стагоддзя, такіх, як “Саюз вызвалення Беларусі”, якія мелі на мэце знішчэнне беларускай нацыянальнай эліты.

Лічым заявы часткі беларускіх праваабаронцаў аб немагчымасці вызнаць палітвязнямі да суда фігурантаў гэтай справы памылковымі і правакуючымі далейшыя рэпрэсіі ў Беларусі.

Патрабуем  неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення крымінальных справаў у адносінах да іх, у тым ліку па справе беларускіх патрыётаў:

Аляксея Абрамава ,  Аляксея Бяляўскага ,  Віктара Данілава, Андрэя Дундукова, Аляксандра Зімніцкага, Івана Кавальчука,  Андрэя Комлік-Ямацін,  Сяргея Кунцэвіча,  Міраслава Лазоўскага, Віктара Мароза,  Дзмітрыя Новіка,  Цімура Пашкевіча,  Уладзіміра Румянцава,  Сяргея Стрыбульскага ,  Уладзіміра Фёдарава,  Аляксандра Яўдахі.

Звяртаемся да міжнароднай і беларускай грамадскасці з заклікам зрабіць усё для вызвалення беларускіх патрыётаў, каб не дапусціць новай хвалі рэпрэсіяў у Беларусі.

Свабоду палітвязням!

Жыве Беларусь!

27.05.2017г.

Г.Менск.

 

ЗАЯВА

СОЙМУ РУХУ САЛІДАРНАСЦІ “РАЗАМ”

Спыніць здзек і катаванні ў дачыненні да адміністратыўна арыштаваных!

Ціск сённяшняй улады на грамадзянаў павялічваецца, ўзрастае колькасць прысудаў па адміністратыўных справах, якіх у 2016 годзе было каля 350 000.

Акрамя вялізных штрафаў, беларусаў масава асуджаюць да адміністратыўных арыштаў. Пры гэтым турмы для адміністратыўна арыштаваных не адпавядаюць элементарным санітарным нормам, а ўтрыманне ў іх вязняў – парушае міжнароднае і, часткова, беларускае заканадаўства.

Калі пачаліся першыя арышты па палітычных справах у пачатку 90-х, асноўнай прычынай нецывілізаваных умоў утрымання людзей у турмах бачылася спадчынная традыцыя карных ворганаў часоў таталітарызму. Цяпер, пасля 23 гадоў знаходжання пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, мы канстатуем, што ўмовы ўтрымання ў адміністратыўных турмах  – гэта  прадуманая палітыка ягонага рэжыму, скіраваная на запалохванне беларусаў, і дэманстрацыя  грамадзянам праз умовы зняволення   адсутнасці ў іх элементарных правоў і свабодаў.

Сойм Руху Салідарнасці “Разам” патрабуе ад уладаў:

– прывядзення ўмоваў утрымання арыштаваных у строгую  адпаведнасць з беларускім і міжнародным заканадаўствам;

– забяспячэння  магчымасці  маніторынга  месцаў зняволення беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі;

– спынення ганебнай практыкі вынясення масавых прысудаў па надуманых адміністратыўных справах;

– адмены абавязковай аплаты арыштаванымі свайго казеннага харчавання;

– адстаўкі кіраўніцтва ЦІПа  г.Менску.

Звяртаемся да беларускай і міжнароднай грамадскасці з заклікам  адстойваць правы і свабоды адміністратыўна арыштаваных.

Не – здзеку і катаванням  ў турмах!

27.05.2017г

г. Менск

 

РЭЗАЛЮЦЫЯ

СОЙМУ РУХУ САЛІДАРНАСЦІ “РАЗАМ”

Аб ушанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Курапатах

Надаючы важнае значэнне захаванню народнай памяці, лічым неабходным выканаць падставовыя ўмовы ў справе аховы і мемарыялізацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя “Курапаты”. 

  1. Надаць статус заканадаўчага акта праекту зон аховы Курапатаў, распрацаванаму інстытутам “Белрэстаўрацыя” па замове Беларускай  асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій (архітэктар Таццяна Косціч і гісторык Вольга Кукуня) і аднагалосна ўхваленаму Беларускай  рэспубліканскай навукова-метадычнай радай пры Міністэрстве культуры Беларусі 20 мая 2003 года за выняткам тэрыторыі пасёлка “Сонечны”, які неабходна ўключыць у зону рэгулюемай забудовы.
  2. Захаваць і падтрымліваць у належным стане Народны мемарыял у Курапатах, які паўстаў дзякуючы намаганням грамадскасці з моманту стварэння Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне”.
  3. Любы конкурс па мемарыялізацыі Курапатаў павінен быць адкрытым і адбывацца з удзелам шырокага кола спецыялістаў і грамадскасці.
  4. Стварыць свабодны доступ ва ўсе архівы без выключэння, дзе захоўваюцца матэрыялы па справах палітычных рэпрэсій, і распачаць працу па ўстанаўленні  імёнаў расстраляных у Курапатах і іншых  мясцінах на тэрыторыі Беларусі.
  5. Уключыць у падручнікі па гісторыі Беларусі для ВНУ і школ тэму аб палітычных рэпрэсіях 30-40-х гадоў у СССР і іх трагічных наступствах  для чалавечага патэнцыялу Беларусі, яе нацыянальнага і культурнага развіцця.
  6. Актывізаваць працу рэгіянальных грамадскіх актывістаў па выяўленні месцаў расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі падчас палітычных рэпрэсій у ХХ стагоддзі і збору дакументальных сведчанняў пра гэтыя падзеі.

27.05.2017г.

г. Менск.

Беларускае Радыё Рацыя