У Менску Медзведчуку перададзеныя вайскоўцы, якія знаходзіліся ў палоне



У VIP-тэрмінале нацыянальнага аэрапорта Менск 28 чэрвеня адбылася працэдура вызвалення чатырох украінскіх грамадзян — трох ваенных і аднаго цывільнага, якія знаходзіліся ў палоне на Данбасе.

Дзмітрый Вялікі, Якаў Верамейчык, Эдуард Міхееў і Максім Гараінаў прыбылі ў Мінск транзітам з расійскага Растова. Іх сустрэў лідар палітрады ўкраінскай партыі „Апазіцыйная платформа — За жыццё” Віктар Медзвядчук, які з`яўляецца кумам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Паводле дадзеных украінскіх актывістаў, Вялікі знаходзіцца ў вышуку за дэзерцірства.

Пра тое, што сёння ў Менску адбудзецца перадача ўкраінскіх ваенных, стала вядома напярэдадні. 27 чэрвеня ў беларускай сталіцы прайшлі перамовы Медзведчука з прадстаўнікамі самаабвешчаных данецкай і луганскай народных рэспублік Дзянісам Пушыліным і Леанідам Пасечнікам.

На брыфінгу пасля працэдуры перадачы Медзвядчук паведаміў журналістам, што палонныя даведаліся пра магчымасць вызвалення некалькі дзён таму. Канчатковае рашэнне было прынята 27 чэрвеня.

„З нагоды вызвалення названых людзей і наогул вызвалення ў прынцыпе, пытаннем чаго я займаўся апошнія месяцы, я разумеў, што ўлада (украінская. — БелаПАН.) не збіраецца рабіць абмены. А раз з уладай гэтага зрабіць нельга, гаворка можа ісці аб аднабаковым акце. Наконт гэтага акта было прынята рашэнне ўчора, кіраўнікамі непрызнаных ЛНР і ДНР Пасечнікам і Пушыліным. Пасля перамоў, якія я праводзіў з красавіка, яны прынялі рашэнне ў аднабаковым парадку вызваліць тых грамадзян Украіны, якія цяпер стаяць побач са мной”, — сказаў Медзвядчук.

Вызваленыя не выходзілі на тэрыторыю Беларусі. Медзвядчук паведаміў, што яны паляцяць прыватным самалётам разам з ім. Паводле слоў палітыка, перадача была ўзгодненая з беларускімі ўладамі.

„Мы ім удзячныя за тое, што яны нам у гэтым дапамаглі, у тым ліку я ўдзячны і кіраўніцтву аэрапорта, якое стварыла ўмовы і для вас, і для нас”, — сказаў Медзвядчук.

Ён таксама заявіў, што працэдура вызвалення не звязаная з парламенцкімі выбарамі ва Украіне. „З выбарамі гэта ніякім чынам не звязана, таму што калі нехта спрабуе абвінаваціць з гэтай нагоды, я хачу нагадаць, што я займаюся абменамі і вызваленнем з мая 2014 года”, — адзначыў палітык.

Медзвядчук падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за намаганні па фарміраванні менскай міжнароднай перамоўнай пляцоўкі, адказваючы на пытанне журналістаў, ці адаб’ецца сённяшняе вызваленне на адносінах прэзідэнтаў Беларусі і Украіны.

„А што спадар Лукашэнка зрабіў дрэннага для Украіны і для Зяленскага? Той, хто паважае такую праблему, як мір на Данбасе, і яе вырашэнне, павінен паважаць Аляксандра Рыгоравіча. Ён ставіць гэтае пытанне ўвесь час і гатовы выконваць пасрэдніцкія функцыі паміж Украінай і Расеяй у дачыненні да дамоўленасцяў, звязаных з мірным урэгуляваннем сітуацыі. Я ўжо казаў, што Аляксандр Рыгоравіч даў магчымасць менскай пляцоўкі, што тут была сустрэча ў нармандскім фармаце, якая паклала аснову Менскім пагадненням. Гэта гаворыць пра гэтага чалавека, якога паважаюць ва Украіне. Сярод лідараў усіх дзяржаў стаўленне да спадара Лукашэнкі самае высокае. 55% украінцаў ставяцца да яго з даверам, стаўленне людзей — гэта самае галоўнае. Як да гэтага паставіцца спадар Зяленскі, мне невядома і мяне наогул не цікавіць”, — заявіў Медзвядчук.

На пытанне БелаПАН, ці будзе ў далейшым вызваленне палонных або абмен імі адбывацца на тэрыторыі Беларусі, Медзвядчук адказаў, што не ўпэўнены ў гэтым. Паводле яго слоў, магчымая працэдура прамой перадачы вызваленых паміж Украінай і не падкантрольнымі ёй тэрыторыямі.

„Месца выбіраецца заўсёды па-рознаму, тут няма ніякіх абавязковых умоў”, — сказаў ён.

Вызваленыя ўкраінскія ваенныя ад каментароў адмовіліся.

МЗС Беларусі вітаў перадачу ў Менску ўкраінскіх вайскоўцаў. „Мы заўсёды казалі пра тое, што будзем падтрымліваць любыя дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне міру на ўкраінскай зямлі, — гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, размешчаным на сайце міністэрства. — Вяртанне людзей, якія ўтрымліваюцца доўгі час у палоне, — высакародная справа. Нарэшце маці ўбачаць сваіх сыноў, а дзеці — бацькоў. Гэта — галоўнае, і гэта адбываецца на беларускай зямлі”.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Кіеве звязаў ініцыятывы Медзведчука па вызваленні палонных з выбарамі ў Вярхоўную раду. Зяленскі заявіў, што ніколі не меў зносін з Медзведчуком на пасадзе прэзідэнта, а таксама да свайго абрання. „Я не разумею, чаму ў нас павінны быць пасрэднікі. Ён ведае маё стаўленне. Чаму падымаецца пытанне вяртання палонных і спынення вайны толькі пад выбары?” — сказаў прэзідэнт.

belapan.by