У Менску пачаўся суд над палітвязнем Антонам Бяленскім
У Менску прайшоў першы дзень судовага паседжання па крымінальнай справе над палітвязнем Антонам Бяленскім.
На пачатак судовага паседжання падтрымаць Антона прыйшло каля 40 чалавек:
– Гэта не суд, а судзілішча, як уласна і паўсюль зараз.
– Суддзя проста паўтарае за пракурорам. А любое хадайніцтва з боку абароны яны адхіляюць.
Антон з’яўляўся валанцёрам штаба Віктара Бабарыкі і 9 жніўня выйшаў на акцыю пратэста. У якасці доказаў да матэрыялаў яго крымінальнай справы далучаны яго тэлефонныя размовы з Лявонам Халатранам (судовы працэс над якім зараз працягваецца), Юрыем Савіцкім (якога ўжо асудзілі на тры гады “хіміі” з накіраваннем) і Андрэем Пазняком (якому таксама далі тры гады “хіміі”).
– Антона праслухоўвалі без санкцыі. Яе далі, здаецца, толькі 12 чысла. І гэтая плёнка “гуляе” па чатырох крымінальных справах.
Антона Бяленскага, як і ўсіх вышэй названых, абвінавацілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Беларускае Радыё Рацыя, Менск