У Менску прайшла акцыя супраць вучэнняў «Захад-2017»



На Кастрычніцкай плошчы сабралася паўтара дзясятка чалавек з партрэтамі зняволеных грамадзянскіх актывістаў, расцяжкамі «Рускі салдат, ідзі дамоў!», «Свабоду палітвязням!». Несанкцыянаваны пікет заклікаў правесці актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі

Як распавёў Вінярскі карэспандэнту Радыё Рацыі, у першую чаргу актывістаў непакояць расейска-беларускія вайсковыя вучэнні, што мусяць прайсці ў нашай краіне ў верасні гэтага года.

– Мы ведаем як Масква ставіцца да сваіх абавязкаў, да сваіх дамоваў і так далей. Мы ведаем да чаго яны давялі ў 2008 годзе ў Грузіі, мы ведаем, што адбывалася на Украіне. Нам не патрэбныя такія вучэнні з такім хаўруснікам.

Удзельнікі акцыі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць журналіста Дзмітрыя Завадскага, якога скралі 17 гадоў таму і лёс якога дагэтуль дакладна невядомы. Максім Вінярскі сказаў, што разлічвае на тое, што дэлегаты сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе, якая праходзіць гэтымі днямі ў Менску, даведаюцца пра акцыю і патрабаванні актывістаў.

– Мы скарысталі гэтую магчымасць, бо мы ведалі, што яны прыедуць. І мы спадзяемся, што да іх дойдзе інфармацыя, што ў нас не ўсё так добра, што ў нас ёсць палітвязні, што ў нас фактычна парушаецца права  на мірныя сходы, што мы супраць вайсковых вучэнняў “Захад-2017” сумесна з Расеяй і патрабуем іх адмены.

Міліцыі на Кастрычніцкай плошчы побач з пікетам не было – толькі супрацоўнікі ў цывільным. Яны не перашкаджалі акцыі. Пікет доўжыўся 40 хвілін.

 

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара