У Менску прайшла чарговая сустрэча кантактнай групы па Украіне



Пачатку сустрэчы чакалі ў „Прэзідэнт-гатэлі” у сярэдзіне дня, але толькі бліжэй да 18.30 да месца сустрэчы пад’ехалі першыя ўдзельнікі: спецпрадстаўнік АБСЕ Адэльхейд Тальявіні і амбасадар Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Апошні сказаў журналістам наступнае.

– Я мяркую, што мы зробім нейкі вельмі істотны крок наперад. Гэта нейкія важныя рашэнні, якія дамоўленасці папярэдняга этапу змогуць зрабіць больш надзейнымі і стабільнымі.

Былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма акрэсліў, што галоўнае пытанне другой менскай сустрэчы кантактнай групы – забеспячэнне першага пункта раней падпісанага пратаколу, то бок – спыненне агню. Прадстаўнік «Lifenews» задала былому прэзідэнту Украіны пытанне: „Рэспублікі не хочуць заставацца ў складзе Украіны. Што вы ім можаце прапанаваць?” Кучма ўдакладніў, адкуль журналістка, і пачуўшы адказ, даволі жорстка параіў „даведацца ў сваіх”. На пытанне, ці з’явіцца місія АБСЕ на мяжы Украіны, Леанід Кучма адказаў: „Ціснем з усіх бакоў, каб АБСЕ занялася мяжой Украіны і Расеі і зонай так званага мясцовага кіравання”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота bbc.co.uk