У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па Украіне



У Менску 1 лютага пачаўся чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Перамовы, як паведамляе ў „Твітары” МЗС Беларусі, пачаліся з сустрэч падгруп кантактнай групы па палітычных, гуманітарных і пытаннях бяспекі. Сустрэчы ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. Чакаецца, што ў другой палове дня пройдзе пасяджэнне самой кантактнай групы.

Папярэдняя перамоўная сесія па Украіне ў Менску адбылася 16 студзеня. Паводле яе вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік адзначыў прагрэс у пытаннях паставак вады і электраэнергіі ў зону канфлікту, а таксама зрухі ў працэсе абмену палоннымі, але асудзіў парушэнні рэжыму спынення агню.

Сённяшнія перамовы праходзяць на фоне абвастрэння сітуацыі ў зоне канфлікту з ужываннем артылерыі, якое пачалося 29 студзеня. У парушэнні рэжыму спынення агню бакі традыцыйна вінавацяць адзін аднаго.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, у прыватнасці, скараціў тэрмін візіту ў Германію для абмеркавання гуманітарнай сітуацыі ў кантраляванай украінскімі сілавікамі Аўдзееўцы (прыгарад Данецка), якая пасля абстрэлаў засталася без электрычнасці і вады. Кіеў абвясціў рэжым надзвычайнага становішча і мае намер эвакуіраваць жыхароў населенага пункта. У сваю чаргу прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік апублікавалі зварот да сусветных лідараў з просьбай прымусіць прэзідэнта Украіны спыніць „генацыд народа Данбаса”.

belapan.by