Рыгор Кастусёў абраны старшынём партыі БНФ



Рыгор Кастусёў абраны старшынём партыі БНФ — ён набраў 107 галасоў. Намеснікамі яго абраныя Юры Лукашэвіч, Аляксей Янукевіч, Вадзім Саранчукоў, Зміцер Салошкін, Аляксандр Стральцоў. Зала сустрэла такі выбар апладысментамі.

У бюлетэні для галасавання было 6 прозвішчаў: Ілля Дабратвор, Вольга Дамаскіна, Рыгор Кастусёў, Алесь Таўстыка, Аляксандр Страх, Васіль Астроўскі.

За Кастусёва прагаласавалі 107 дэлегатаў, за старшыню Наваполацкай раённай арганізацыі Вольгу Дамаскіну — 32, прадпрымальніка Ілью Дабратвора — 11, бізнесмена Васіля Астроўскага — сем, прадпрымальніка Алеся Талстыку і магілёўскага актывіста Аляксандра Страха — па два.

***

У Менску праходзіць чарговы 18-ты справаздачна-выбарчы з’езд Партыі БНФ. У ім прымаюць удзел 163 кандыдаты са 192 вылучаных. Са справаздачай выступіў дзеючы старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Дэлегаты далі здавальняючую ацэнку працы мінулага складу кіраўніцтва.

Па словах старшыні партыі Аляксея Янукевіча, які на гэтым з’ездзе пакідае сваю пасаду, з’езд праходзіць у працоўнай і дэмакратычнай атмасферы і адлюстроўвае атмасферу ў самой партыі.

– Мы бачым, што багатае прадстаўніцтва сёння рэгіянальных структураў. Шмат дэлегатаў прыехала. Праца ідзе нармальна. Вельмі працоўны настрой. Ёсць, канешне, і камічныя, і не вельмі сур’ёзныя прапановы, але ўсе справы вырашаюцца. Нармальна арганізавана галасаванне. Няма нейкіх спрэчак, сварак. Вельмі працоўны з’езд. Да гэтага моманту, я лічу, што ён адбываецца вельмі ўдала.

На пасаду кіраўніка партыі вылучана 6 кандыдатаў. Гэта Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні партыі, Вольга Дамаскіна з Наваполацку, менскія сябры партыі Васіль Астроўскі, Ілля Дабратвор, Алесь Таўстыка, а таксама Аляксандр Страх з Магілёву. Намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, які раней заяўляў аб намеры балатавацца, зняў сваю кандыдатуру на карысць Вольгі Дамаскінай. Па меркаванню ўдзельнікаў з’езду, найбольшыя шанцы быць абранымі маюць Рыгор Кастусёў і Вольга Дамаскіна. Абранне першага будзе азначаць працяг старой лініі кіраўніцтва партыі. Магчымы прыход Вольгі Дамаскінай абяцае значныя змены.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

 ***

Шэсць прэтэндэнтаў вылучаныя на пасаду старшыні Партыі БНФ. Ён будзе абраны паводле вынікаў тайнага галасавання дэлегатамі з’езда, які праходзіць 30 верасня ў Менску.

Так, на гэтую пасаду прэтэндуюць намеснік дзейнага старшыні Аляксея Янукевіча Рыгор Кастусёў, старшыні Наваполацкай раённай арганізацыі Вольга Дамаскіна і Менскай раённай арганізацыі Ілья Дабратвор, прадпрымальнік Алесь Талстыка, бізнесмен Васіль Астроўскі і магілёўскі актывіст Аляксандр Страх.

Намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, які таксама раней быў у ліку прэтэндэнтаў, зняў сваю кандыдатуру, прапанаваўшы з’езду падтрымаць Вольгу Дамаскіну.

Дзейны старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сваю кандыдатуру на выбары не выстаўляе, бо паводле статута адзін чалавек не можа ўзначальваць партыю больш як два тэрміны.

Кастусёў падчас свайго старшынства мае намер „паслядоўна абараняць нацыянальныя інтарэсы Беларусі”, праводзіць „паўнавартасную і планамерную падрыхтоўку” кандыдатаў у дэпутаты і кандыдата ў прэзідэнты, праводзіць працу па прыцягненні ў партыю моладзі.

Дамаскіна заявіла, што ў партыі сёння няма фігуры, вакол якой могуць аб’яднацца ўсе партыйцы, і яна гатовая ўзяць на сабе адказнасць стаць такой фігурай. Галоўнымі мэтамі будуць абарона незалежнасці і адстойванне інтарэсаў беларускага народа.

Дабратвор мае намер рабіць крокі па аб’яднанні з Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ, выкарыстоўваць „крэатыўную і эфектыўную сістэму” кіраўніцтва, падтрымліваць нейтральны статус нашай краіны. Пры гэтым ён пакуль не бачыць у партыі прэтэндэнта, які мог бы вылучацца кандыдатам у прэзідэнты.

Страх заявіў, што ў яго вялікі вопыт арганізацыйнай працы. У сваім выступе ён абмежаваўся ў асноўным фактамі асабістай біяграфіі.

Астроўскі паабяцаў „не здраджваць”, менш „гуляць у гульні і інтрыгі”, імкнуцца павялічваць колькасць членаў партыі і паляпшаць яе матэрыяльна-тэхнічны стан. Ён дапускае супрацоўніцтва не толькі з іншымі партыямі, але па некаторых пытаннях з уладай.

Талстыка у першую чаргу лічыць неабходным займацца „абаронай народных інтарэсаў”. Ён прапанаваў іншым прэтэндэнтам падпісаць мемарандум аб намерах па адраджэнні незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.

Раней на з’ездзе былі разгледжаныя змены ў рэгламент, якія тычацца парадку выбараў кіраўніцтва партыі. У адпаведнасці з імі старшыня і яго намеснікі будуць абірацца адным спісам. Пры гэтым сваіх намеснікаў да галасавання ўжо назвалі прэтэндэнты на пасаду старшыні.

***

30 верасня ў Менску ў Палацы мастацтваў адбываецца ХVIII справаздачна-выбарчы зьезд Партыі БНФ «Адраджэньне».

У з’ездзе бяруць удзел каля 170 дэлегатаў. На парадку дня – справаздача старшыні партыі БНФ «Адраджэньне» Аляксея Янукевіча, выбары новага партыйнага лідара, ягоных намеснікаў, Сойму партыі ды іншыя пытанні.

Таксама партыя БНФ абмяркуе пытанне аб вылучэнні свайго кандыдата ў прэзідэнты на чарговых выбарах. Адпаведны пункт ёсць ў парадку дня XVIII справаздачна-выбарнага з’езда арганізацыі, які праходзіць у Мінску.

„Лічу, важна прыняць рашэнне аб партыйным кандыдаце менавіта сёння, бо выбары могуць адбыцца ўжо ў наступным годзе. Некаторыя партыі ўжо вылучылі сваіх кандыдатаў, некаторыя заявілі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. У нас можа проста не хапіць часу для правядзення пазачарговага з’езда”, — сказаў старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі не пазней за 30 жніўня 2020 года.

У 2010 годзе ад Партыі БНФ кандыдатам у прэзідэнты вылучаўся намеснік старшыні Рыгор Кастусёў. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, ён набраў 1,97% галасоў выбаршчыкаў.

Час з мінулага з’езда стаў для Партыі БНФ „перыядам канчатковага афармлення палітычнага курсу, выбару стратэгіі, скіраваных на палітычную самастойнасць і адасабленне ад стракатай кампаніі суб’ектаў шырокай апазіцыі, якія пастаянна інтрыгуюць адзін супраць аднаго”, заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, выступаючы са справаздачай 30 верасня ў Менску на з’ездзе арганізацыі.

„Наша стратэгія скіраваная на фармаванне больш яснай і выразнай пазіцыі партыі як менавіта нацыянальна-кансерватыўнай сілы, якая карыстаецца толькі і выключна нацыянальнымі інтарэсамі краіны і беларускага народа і не прымае любых знешніх уплываў”, — сказаў ён.

Паводле слоў Янукевіча, „злом асобных стэрэатыпаў і шаблонаў” не праходзіў для партыі „лёгка і проста”. У прыватнасці ў 2014 годзе партыя вырашыла не вылучаць на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года свайго кандыдата. Аднак, паведаміў палітык, ён вымушаны быў аддаць „незлічоную колькасць гадзін у перамовах аб прынцыпах і магчымых працэдурах вылучэння адзінага кандыдата з кіраўнікамі іншых партый, якія і не збіраліся ніколі вылучаць адзінага”.

„Калі ўвесну 2015 годзе стала цалкам відавочна, што ўсе гэтыя перамовы пустыя і марныя, мантра пра важнасць адзінага яшчэ працягвала дзейнічаць. На той момант ідэя адмежавацца ад усіх і ісці самім абсалютна не падавалася слабай і дэструктыўнай, але яшчэ было меркаванне, была надзея, што сумесна мы не дапусцім паўтарэння ўсіх трагічных памылак Плошчы-2010”, — сказаў Янукевіч, адзначыўшы, што гэтыя надзеі ў выніку былі марнымі.

Зараз, адзначыў палітык, у партыі як мінімум пяць прэтэндэнтаў на пасаду старшыні, што „ўяўляецца добрым знакам”. „Той факт, што барацьба за перамогу паміж прэтэндэнтамі адбываецца без якіх-небудзь абмежаванняў і не нясе нават найменшай пагрозы расколу ў шэрагах партыі, выразна сведчыць, што нам удалося стварыць у партыі сапраўды рабочую атмасферу”, — заявіў ён.