У Менску праходзіць паседжанне кантактнай групы па Украіне



Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў у суботу на брыфінгу ў Бруселі, што ў беларускай сталіцы сустрэнуцца прадстаўнік АБСЕ, амбасадар Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма.

Пра свой ўдзел у перамовах заявіў таксама „віцэ-прэм’ер” самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін.

Намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што больш станоўчых вынікаў ён чакаў ад мінулых перамоваў па Украіне, у якіх удзельнічалі  прэзідэнты Парашэнка і Пуцін:

– Узровень тых людзей, якія будуць на гэтай сустрэчы і, тым больш запрашэнне сепаратыста з Данецка ні да чаго добрага не прывядзе. Хутчэй за ўсё будуць разглядацца пытанні, якія могуць прывесці да саступак кіраўніцтва Украіны Данецкім і Луганскім сепаратыстам. Гэта небяспечны крок.

У той жа час на Данбасе працягваюцца баявыя дзеянні. Украінскія вайскоўцы супраціўляюцца націску сепаратыстаў, якія імкнуцца захапіць Луганскі аэрапорт. Раней міністр абароны Украіны заявіў, што ў Данецк увайшлі расейскія войскі.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя