У Менску праходзіць пасяджэнне кантактнай групы па Украіне



 У Менску праходзіць пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў „Фэйсбуку” Дар’я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Перамовам папярэднічалі сустрэчы падгруп кантактнай групы, яны, як і пасяджэнне самой кантактнай групы, прайшлі ў „Прэзідэнт-гатэлі” ў традыцыйна закрытым для СМІ рэжыме.

Папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы ў Менску адбылося 20 снежня мінулага года. На ім бакі абвясцілі аб перамір’і на Данбасе з 23 снежня. 27 снежня Кіеў і самаабвешчаныя рэспублікі ўпершыню з восені 2016 года правялі абмен палоннымі. На тэрыторыю, падкантрольную ўкраінскім уладам, вярнулася 73 чалавекі, на тэрыторыю, падкантрольную сепаратыстам, — 233.

belapan.com