У Менску праходзіць сустрэча кантактнай групы па Украіне



16 студзеня ў Менску пачалася чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі.

Гэта першая сустрэча групы ў новым годзе. Перамовы ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме. Ім папярэднічалі пасяджэнні рабочых падгруп.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, сёння сустракаліся тры падгрупы: па гуманітарных, палітычных пытаннях, а таксама па пытаннях бяспекі. Інфармацыйныя рэсурсы самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік паведамілі таксама пра сустрэчу падгрупы па эканамічных пытаннях — некалькі месяцаў запар яе праца была фактычна заблакаваная, бо афіцыйны Кіеў не хацеў весці перамовы з прадстаўнікамі сепаратыстаў, на якіх у Украіне заведзеная крымінальная справа.

Папярэдні раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе адбыўся ў Менску 21 снежня 2016 года. Тады кантактная група заклікала ўдзельнікаў канфлікту да перамір’я з 0 гадзін 24 снежня ў сувязі са святамі. Аднак з тых часоў бакі неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.

belapan.by