У Менску праходзіць з’езд АГП



У Мінску праходзіць 18-ты з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

На ім будзе заслуханы даклад са справаздачай аб праведзенай працы кіраўніка партыі, абраныя новы старшыня і яго намеснікі, прынятыя некалькі рэзалюцый.

Пра свае намеры вылучацца на пасаду старшыні АГП да з’езда заяўлялі цяперашні кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька, яго намеснікі Васіль Палякоў і Мікалай Казлоў, а таксама кіраўнік партыйнай камісіі па працы з прадпрымальнікамі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Аднак 7 ліпеня Канапацкая заявіла аб зняцці сваёй кандыдатуры на выбарах старшыні АГП. „Больш за паўгода таму я абвясціла пра сваё рашэнне балатавацца на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У мяне былі ідэі і канкрэтныя меры, як дамагчыся магутнага развіцця нашай палітычнай арганізацыі, павялічыць яе вагу ў палітычных працэсах у Беларусі”, — напісала яна.

Палітык лічыць, што на парадку дня партыі павінна „стаяць сістэмная, структурная перазагрузка”. Сваю адмову вылучацца на пасаду лідара АГП Канапацкая пры гэтым патлумачыла тым, што „сумяшчэнне дэпутацкай працы ў Палаце прадстаўнікоў з рэалізацыяй абноўленай праграмы рэформаў АГП не ўяўляецца магчымым”.

Канапацкая таксама заявіла аб гатоўнасці падтрымаць новага кіраўніка „ў кірунку адраджэння Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вяртання ёй аўтарытэту і павагі ў грамадстве”. „Час пакласці канец бессэнсоўным сваркам, звадам і канфліктам. Я разлічваю на тое, што новае кіраўніцтва АГП адновіць давер унутры арганізацыі, створыць атмасферу палітычнага драйву і жадання кожнага члена партыі працаваць на нашу агульную перамогу”, — напісала яна.

З 2000 года АГП узначальвае Анатоль Лябедзька. Яшчэ ў красавіку ён заяўляў, што „99,9%” не будзе прэтэндаваць на пасаду старшыні партыі, аднак затым змяніў сваё рашэнне.

АГП была створана 1 кастрычніка 1995 года на аб’яднальным з’ездзе дзвюх партый — Аб’яднанай дэмакратычнай і Грамадзянскай.

belapan.by