У Менску выступілі ў падтрымку тэлеканала „Белсат” і радыё „Свабода”



Асамблея патрыятычных сіл Беларусі просіць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, дзяржаўнага сакратара ЗША Рэкса Тылерсана і кіраўніка Еўрапейскай камісіі ЕЗ Жан-Клода Юнкера падтрымаць тэлеканал „Белсат” і радыё „Свабода”, якія транслююць на Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў звароце ўдзельнікаў асамблеі, якая адбылася 26 жніўня ў Менску.

У звароце адзначаецца, што грамадства Беларусі зараз перажывае „трывожныя часы” ў сувязі з запланаванымі беларуска-расійскімі вучэннямі „Захад -2017” на тэрыторыі Беларусі. „Наш аналіз становішча паказвае, што з боку Масквы рыхтуюцца дзеянні, якія могуць пагражаць суверэнітэту Беларусі і суседніх краінаў ЕЗ”, — гаворыцца ў дакуменце.

Агрэсіўная палітыка Пуціна супраць Украіны і іншых суседзяў Расеі, адзначаецца ў звароце, суправаджаецца „маштабнай інфармацыйнай вайной супраць Захаду і краін Усходняй Еўропы”, а „пуцінскай антызаходняй прапагандай праз радыё і тэлебачанне бесперашкодна пакрыта амаль уся Беларусь”.

У звароце гаворыцца пра складанае становішча тэлеканала „Белсат”. У прыватнасці, адзначаецца верагоднае скарачэнне яго фінансавання, што, на думку ўдзельнікаў асамблеі, „будзе азначаць закрыццё беларускага свабоднага тэлебачання якраз у вельмі крытычны час, калі праўдзівая інфармацыя ў Беларусі патрэбна як вецер”. Таксама гаворыцца аб спыненні караткахвалевага вяшчання радыё „Свабода”, „што пакінула тысячы людзей у беларускай правінцыі без праўдзівай крыніцы інфармацыі”.

Удзельнікі асамблеі звяртаюцца асабіста да Трампа, Тылерсона і Юнкера „з надзеяй на падтрымку фінансавання свабоднага беларускага тэлебачання” Белсат „і на вяртанне радыёвяшчання беларускай рэдакцыі радыё „Свабода” ў караткахвалевым дыяпазоне трансляцыі.

Акрамя таго ўдзельнікі асамблеі віталі актыўную ролю Амерыкі ў нераспаўсюджванні ядзернай зброі. „Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, што было зафіксавана ў Будапешцкім мемарандуме 1994 года. Злучаныя Штаты ў адпаведнасці з мемарандумам засведчылі сябе гарантам суверэнітэту Беларусі, калі паўстане пагроза яе незалежнасці. Гэтая пагроза зараз надыходзіць. Мы спадзяемся, што моцны голас Амерыкі прагучыць, і гэта акажа ўплыў на стрымліванне агрэсіі і пагроз для міру ва Усходняй Еўропе”, — гаворыцца ў звароце.

belapan.by