У Менску завяршыўся святочны вайсковы парад



У Беларусі сёння адзначаецца афіцыйны Дзень незалежнасці. Ужо 20 гадоў запар гэтае дзяржаўнае свята ладзяць 3 ліпеня. Яно прымеркаванае да Дня вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.

Святочныя імпрэзы ў сталіцы пачаліся з вайсковага параду і моладзевага шэсця.

Адкрыў парад кіраўнік Беларусі, галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі – Аляксандр Лукашэнка. Ён казаў пра мірныя памкненні Беларусі і наракаў на Захад:

– Мы выступаем за рашэнне любых міжнародных канфліктаў выключна за сталом перамоваў, на жаль іншыя краіны не пажадалі паследаваць гэтаму прыкладу. Разгортваюць тут, каля нашых межаў, сістэму супрацьракетнай абароны і ўдасканальваюць свой ядзерны патэнцыял. Наш адказ – сучасная беларуская армія. Слава беларускай арміі, гаранту недатыкальнасці межаў Бацькаўшчыны! Слава беларускаму народу! Са святам! З Днём незалежнасці, Беларусь! Ура!

Сёлета ў вайсковым парадзе ўдзельнічае больш за 280 адзінак вайсковай тэхнікі. Ачоліў парад тэхнікі легендарны танк часоў Другой сусветнай вайны Т-34.

Былі паказаныя беларускія распрацоўкі ракетных сістэм залпавага агню “Паланэз”, “Белград”, браніраваныя дазорныя машыны “Кайман” і “Волат” ды іншая тэхніка.

На працягу ўсяго дня ў Менску і ва ўсіх іншых гарадах Беларусі пройдуць рознага кшталту забаўляльныя мерапрыемствы з народнымі гуляннямі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск