У Менску знаходзіцца намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Джордж Кент
У Менску знаходзіцца намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джордж Кент, паведамілі БелаПАН у прэс-службе пасольства ЗША.
„Намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джордж Кент знаходзіцца ў Менску з афіцыйным двухдзённым візітам. Ён будзе сустракацца з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і супрацоўнікамі пасольства”, — паведамілі ў дыппрадстаўніцтве.
Сёння Кент пабываў ля помніка Максіму Багдановічу блізу опернага тэатра, дзе, як паведамляе пасольства, „меў гонар аддаць даніну памяці выбітнаму класіку і паразважаць пра спадчыну беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы”. Іншыя падрабязнасці і мэты візіту не паведамляюцца.
Гэта другі візіт Кента ў Менск з пачатку года. У сакавіку ён сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Паводле вынікаў сустрэчы прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства паведаміла, што Мінск афіцыйна праінфармаваў Вашынгтон аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Кент таксама сустрэўся ў Мінску з першым намеснікам міністра ўнутраных спраў Іванам Падгурскім.
Фота Амбасады ЗША ў Менску