«У выпадку неабходнасці, будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю» (абноўлена)



Такімі словамі завершыў намеснік міністра ўнутраных спраў РБ Генадзь Казакевіч свой афіцыйны відэакаментар, распаўсюджаны ягоным ведамствам. Тычыўся ён вулічных пратэстаў, на якія штонядзелю, а часам і штодня выходзяць жыхары Беларусі:

– Міністэрства ўнутраных спраў забяспечвае грамадскі парадак і грамадскую бяспеку ў краіне. Мы адзначаем паступовае “затуханне” пратэстнага руху – як па тэрыторыі, так і па масавасці. Аднак пратэсты, якія перамясціліся ў горад Менск, сталі арганізаванымі і крайне радыкальнымі. Сведчанне таму акцыі ў сталіцы ў мінулую нядзелю. Яшчэ днём і ўвечары гэта былі камяні, бутэлькі, нажы і заточкі. А ўжо ўночы – барыкады і падпаленыя пакрышкі. Нічога агульнага з грамадзянскім пратэстам гэта не мае. Мы сутыкнуліся не проста з агрэсіяй, а з групамі баевікоў, радыкалаў, анархістаў, футбольных фанатаў. Адбылася спроба паўтарыць падзеі пачатку жніўня. Відавочна, што Беларусь спрабуюць уцягнуць у хаос 90-х, прайсці сумны шлях рэспублік, якія перажылі каляровыя рэвалюцыі. Ад імя МУС заяўляю, што мы не сыдзем з вуліц і забяспечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы ўнутраных войск у выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю.

Пратэсты ў Беларусі працягваюцца вось ужо больш за два месяцы. Звязаныя яны з афіцыйна абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і з гвалтам сілавікоў у дачыненні да грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў 12 кастрычніка, што «пры неабходнасці» сілавікі будуць ужываць спецсродкі і баявую зброю супраць пратэстоўцаў у Беларусі.

Паводле Казакевіча, МУС адзначае «паступовае затуханне пратэстнага руху, як па тэрыторыях, так і па масавасці», пратэсты змясціліся збольшага ў Менск і сталі «арганізаванымі скрайне радыкальнымі».

«Мы сутыкнуліся не проста з агрэсіяй, а з групамі баевікоў, радыкалаў, анархістаў, футбольных фанатаў, спробамі вярнуць Беларусь у пачатак жніўня», — сказаў Казакевіч пра акцыю пратэсту ў Менску 11 кастрычніка, адзначыўшы, што ведамства не дапусціць «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі.

«Ад імя МУС заяўляю: мы не сыдзем з вуліц і забяспечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы ўнутраных войск у выпадку неабходнасці будуць прымяняць спецсродкі і баявую зброю», — заявіў Казакевіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа