Улады Арменіі і Азербайджана заявілі пра ўвод ваеннага становішча (абноўлена)



Улады Арменіі і Азербайджана заявілі пра ўвод ваеннага становішча на фоне абвастрэння сітуацыі ў Нагорным Карабаху. У ноч на нядзелю ў рэгіёне пачаліся сутычкі паміж армянскімі і азербайджанскімі войскамі. Краіны абвінавачваюць адна адну ў распачынанні агрэсіўных дзеянняў. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян пазней заявіў, што Ерэван разглядае магчымасць афіцыйнага прызнання незалежнасці Нагорнага Карабаха.

Карабахскі канфлікт пачаўся ў лютым 1988 году, калі Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць заявіла пра выхад са складу Азербайджанскай ССР. У наступныя гады ў выніку ваенных дзеянняў Азербайджан страціў кантроль над Нагорным Карабахам. Ерэван афіцыйна да гэтага часу не прызнае незалежнасць рэгіёну, але бюджэт і войска непрызнанай рэспублікі звязаны з Арменіяй.

* * * 

Азербайджан і Арменія аднавілі ваенныя дзеянні ў Нагорным Карабаху. Бакі абвінавачваюць адно аднаго ў тым, хто справакаваў выбух агрэсіі ў спрэчным рэгіёне.

„У мэтах спынення баявой актыўнасці ўзброеных сіл Арменіі і забеспячэння бяспекі мірнага насельніцтва камандаванне азербайджанскай арміі прыняло рашэнне пачаць контрнаступальную аперацыю войскаў па ўсім фронце”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе міністэрства абароны Азербайджана.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян напісаў на сваёй старонцы ў ФБ, што „армія абароны Арцаха з поспехам супрацьстаіць нападу”. Вядома, што Арменія ўводзіць ваеннае становішча.

Канфлікт ужо прывёў да гібелі мірных жыхароў рэгіёну.

Беларускае Радыё Рацыя