У парламенце Швецыі прапанавалі ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі



Былая міністарка спраў ЕЗ ва ўрадзе Швецыі, а цяпер сябра Ліберальнай партыі Швецыі Біргіта Олсан звяртае ўвагу на тое, што апошнія тыдні масавыя пратэсты за дэмакратыю прайшлі не толькі ў Менску і Маскве, але і ў іншых гарадах Беларусі і Расеі, паведамляе «Свабода».

Паводле Біргіты Олсан, усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя, падтрымка дэмакратычных актывістаў павінна рэзка ўзрасці як эканамічна, так і палітычна, і актывісты павінны адчуваць моцную падтрымку Швецыі і ЕЗ у іх імкненні да дэмакратыі і правоў чалавека.

Прадстаўнік Ліберальнай партыі Швецыі заявіла, што лібералы мелі рацыю з самага пачатку, калі выступалі супраць скасавання санкцый ЕЗ мінулай вясной. «Гэта было фатальнай памылкай з боку ЕЗ наіўна меркаваць, што дыпламатычнае прымірэнне з апошнім дыктатарам Еўропы Лукашэнкам прывядзе да дэмакратыі. Ніякага паляпшэння правоў чалавека не адбылося ў краіне з тых часоў, і хваля гвалту апошнія тыдні, заключэнне больш як 200 лідараў і актывістаў апазіцыі, дэмакратычных актывістаў і журналістаў і катаванні супраць іх паказваюць, што санкцыі павінны быць вернутыя», – кажа Біргіта Олсан.

Яна прапануе замарозіць шведскую дзяржаўную дапамогу уладам у Беларусі і звяртае ўвагу на тое, што амаль чатыры мільёны шведскіх крон са шведскай дапамогі пайшлі на праекты, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі. Кіраўніцтва міністэрства спрыяла парушэнням правоў чалавека, бо ўведзены падатак на «дармаедаў» супярэчыць Канстытуцыі, а таксама парушае міжнароднае права, – перакананая Біргіта Олсан.

[manual_related_posts]