У Польшчы адзначаюць Свята Войска Польскага
Больш за тысячу жаўнераў, 900 рэканструктараў, каля 200 адзінак ваеннай тэхнікі ды больш за 100 самалётаў і верталётаў можна будзе пабачыць сёння падчас Вялікага параду незалежнасці, які адбудзецца з нагоды Свята Войска Польскага ў Варшаве. Свята прымеркаванае да чарговай гадавіны Варшаўскай бітвы, якая адбылася ў жніўні 1920 года паміж Войскам Польскім і Чырвонай Арміяй, і якую таксама называюць «Цудам над Віслай».
У гэтым годзе святкаванні супадаюць са 100-годдзем аднаўлення незалежнасці Польшчы.
Праезд тэхнікі ды марш жаўнераў адбудзецца з 13.00 па 15.00 гадзіны. Кульмінацыяй стане ўрачыстае прывітанне параду прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у суправаджэнні міністра абароны Марыюша Блашчыка, прадстаўнікоў Сейма і Сената, а таксама ў прысутнасці кіраўніка польскага ўрада Матэвуша Маравецкага.
У Беластоку святкаванні пачаліся малебнам у праваслаўным саборы святога Мікалая, а 11-й гадзіне пачнецца імша ў катэдры Успення Прасвятой Багародзіцы. Пасля ўскладання кветак да помніка Маршалку Пілсудскаму ў 12.30 на рынку Касцюшкі адбудзецца паказ ваеннай тэхнікі.
Варта адзначыць, што сёння ў Польшчы выходны дзень, не працуюць дзяржаўныя ўстановы, гандлёвыя цэнтры і крамы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tsn.ua
