У Польшчы стала больш злачынстваў на глебе ксенафобіі
Вынікі, якія выклікаюць занепакоенасць. Пракуратура Польшчы прадставіць заўтра ў Сейме справаздачу, якая датычыць звестак пра злачынствы з праявамі расізму і ксенафобіі. Паводле справаздачы, колькасць такіх злачынстваў – павялічваецца, а іх раскрывальнасць – зніжаецца.
Дэпутат партыі “Грамадзянская платформа” ад Падляшша Роберт Тышкевіч выказаў сваю занепакоенасць у сувязі з гэтымі фактамі. Дэпутат патрабуе выкарыстання новых спосабаў супрацьдзеяння такім выпадкам:
– Патрэбна вялікая сумесная кампанія супраць праяў расізму і нянавісці. Таксама хачу сказаць пра інтэрнэт. Трэба шукаць новыя спосабы барацьбы са злачынствамі на глебе ксенафобіі ў сеціве.
Выпіскі са справаздач апублікаваныя ў інтэрнэце на сайце дзяржаўнай пракуратуры. Справаздача будзе прадстаўлена заўтра ў Сейме ў час пасяджэння Супольнай камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў ды ўраду Польшчы.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
