У прэзідыум каардынацыйнай рады абраныя сем чалавек
Каардынацыйная рада па трансферы ўлады 19 жніўня правяла сваё першае пасяджэнне, на якім быў абраны прэзідыум.
Як паведамляе прэс-служба рады, у склад прэзідыума ўвайшлі: лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, міжнародны медыятар Лілія Уласава, прадстаўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава і былы кіраўнік Купалаўскага тэатра, экс-дыпламат Павел Латушка.
Аб стварэнні каардынацыйнай рады, Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, абвясціла 14 жніўня. „З улікам таго, што адбываецца ў краіне, і неабходнасці прыняцця неадкладных мер для аднаўлення законнасці ў Беларусі, я, Святлана Ціханоўская, ініцыюю стварэнне каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады. У гэту раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавальковай і адвакату Максіму Знаку прымаць заяўкі аб вылучэнні членаў рады ад арганізацый і аб’яднанняў грамадзян”, — заявіла яна ў відэазвароце.
Фота: Новы Час