У Расеі хочуць Барнаул назваць Пуцінградам



Кандыдатка ў муніцыпальныя дэпутаты горада Барнаул Марына Чаузава прапанавала перайменаваць свой горад у Пуцінград. Такую ідэю яна агучыла ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Говорит Москва”. Цяперашні горад Барнаул – адміністрацыйны цэнтр Алтайскага краю.

„Калі мы пераназавем наш горад у гонар лідара, па маім меркаванні, абсалютнага лідара не толькі Расеі, але і ўсяго свету, то Барнаул устане з калень і развіццё будзе ўсебаковым: і камунальная гаспадарка, і людзі стануць дабрэйшымі, і бюджэт горада будзе дастатковым”, – лічыць палітык. Па яе словах, доказам таго, што змена назвы станоўча ўплывае на жыццё горада, можна лічыць Санкт-Пецярбург і Екацерынбург. Акрамя таго, яна мяркуе, што „тры паселішчы з назвай Барнаул для Расеі – гэта занадта шмат”. Трэба зацеміць, што ў Расеі сапраўды некалькі Барнаулаў, але іншыя два Барнаулы – малы гарадок і фактычна вёска.

Бліжэйшым часам Чаузава мае намер скласці адпаведную петыцыю. А прапанова пра перайменаванне была агучана ў час дэбатаў па праграме развіцця камунальнай гаспадаркі.

Беларускае Радыё Рацыя