У Расеі цэлы красавік абвясцілі непрацоўным



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 2 красавіка зноў звярнуўся да расейцаў са сваёй рэзідэнцыі ў Нова-Агарове. Папярэдні выступ прэзідэнта Расеі адбыўся 25 сакавіка, ён быў цалкам прысвечаны каронавірусу.

Пуцін абвясціў аб працягу вакацый для расіянаў да канца красавіка — з захаваннем заробку. У папярэднім выступе гаварылася проста пра доўгія выходныя з 30 сакавіка па 5 красавіка. Пуцін ня выключыў, што тэрміны могуць змяняцца ў залежнасці ад сітуацыі.

Таксама прэзідэнт Расеі абвясціў аб перадачы паўнамоцтваў па ўвядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі на рэгіянальны ровень, каб менавіта рэгіянальныя ўлады вызначалі, якое з прадпрыемстваў будзе працаваць, а якое не, і якія менавіта абмежавальныя захады будуць уводзіцца ў рэгіёне. Ён таксама падзякаваў лекарам і ўсім, хто адчуў сваю асабістую адказнасць у барацьбе з эпідэміяй і клапоціцца пра бяспеку навакольных.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа