У Расеі забілі апазіцыйную актывістку (абноўлена)



Грамадская актывістка Алена Грыгор’ева, забітая 21 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, уваходзіла ў спіс патэнцыйных ахвяраў праекту «Піла супраць ЛГБТ», паведамляе  «Росбалт»

Гамафобны сайт «Піла» досыць даўно пагражае ЛГБТ-актывістам па ўсёй краіне. Групоўка пазіцыянуе сябе як «ўсерасейскі рух супраць ЛГБТ», а яго правакатары ўжо нападалі на геяў у Башкірыі (дарэчы, менавіта адтуль родам меркаваны забойца Грыгор’евай).

У студзені 2019 года на сайце «Пілы» была нават размешчана аб’ява пра пошук людзей, гатовых за ўзнагароджанне збіваць і выкрадаць прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. А ў пачатку ліпеня прадстаўнікі «Пілы» размясцілі публікацыю, у якой яны паведамлялі, што «падрыхтавалі вельмі небяспечныя і жорсткія падарункі» для цэлага шэрагу актывістаў. Сярод іх было імя Алены Грыгор’евай.

Следчы камітэт разглядае версію пра тое, што да забойства маглі быць датычныя некалькі чалавек. У якасці прыярытэтнага разглядаецца бытавы матыў.

* * * 

У Санкт-Пецярбургу знайшлі цела грамадскай актывісткі Алены Грыгор’евай.

Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку праваабаронца Дынар Ідрысаў. Паводле яго слоў, у апошні час Грыгор’евай часта пагражалі забойствам. Пры гэтым і сама жанчына, і яе адвакат неаднаразова звярталіся ў праваахоўныя органы па факце пагроз, але заўважнай рэакцыі не было. 

Парэзанае цела жанчыны са слядамі задушэння мясцовы жыхар знайшоў у кустах літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад яе дома. Па дадзеных „Фантанкі”, паліцыя па гарачых слядах затрымала падазраванага ў забойстве жанчыны – 40-гадовага жыхара Башкартастана. Аднак пазней у Следчым камітэце выданню заявілі, што падазраваных па справе пакуль няма.

41-гадовая Грыгор’ева з’яўлялася пастаяннай удзельніцай пратэстных акцый у горадзе. У прыватнасці, яна выступала на мітынгах супраць катаванняў і рэпрэсій, перадачы зямель Чачні, замоўчвання праблем ЛГБТ, а таксама ў падтрымку Алега Сянцова, адзначае „Дождж”. Актывістку неаднаразова затрымлівала паліцыя.

Фота: Сацсеткі