Першая жанчына-прэм’ер Швецыі падала ў адстаўку праз некалькі гадзін пасля абрання (абноўлена)
Сёння ўвесь свет абляцела навіна: упершыню ў гісторыі жанчына стала прэм’ер-міністрам Швецыі. Парламент гэтай краіны зацвердзіў на высокай пасадзе Магдалену Андэрсан.
Але праз пару гадзін жанчына падала ў адстаўку: яе партнёр па кааліцыі пакінуў урад, а бюджэт, прапанаваны імі, не быў прыняты.
Замест гэтага парламент прагаласаваў за бюджэт, складзены апазіцыяй, у склад якой уваходзяць правыя палітыкі, якія выступаюць супраць імігрантаў.
«Я сказала спікеру, што хачу сысці ў адстаўку», — заявіла Магдалена Андэрсан журналістам, перадае Бі-бі-сі.
***
Дэпутаты парламенту Швецыі абралі лідара Сацыял-дэмакратычнай партыі Магдалену Андэрсан новым прэмʼер-міністрам краіны, паведамляе Euronews.

Андэрсан стала першай жанчынай на пасадзе прэмʼер-міністра Швецыі. Да 23 лістапада яна атрымала падтрымку неабходных 175 дэпутатаў рыксдагу (парламенту). Раней Андэрсан займала пасаду міністра фінансаў.
56-гадовая Магдалена Андэрсан стала на чале кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі 4 лістапада, прыйшоўшы на змену былому прэмʼер-міністру Швецыі Стэфану Левэну.
