У свеце праходзіць акцыя ў падтрымку Алега Сянцова



1 і 2 чэрвеня ва ўсім свеце праходзіць акцыя ў падтрымку ўкраінскага журналіста Алега Сянцова.

Украінскага журналіста асуджанага ў Расеі паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Ён ужо 19 дзён працягвае бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх вязняў з турмаў.

Кажа актывістка “Еўрамайдана – Варшава” Наталля Панчанка:

– Мы патрабуем ад расейскай улады вызваліць Алега Сянцова, а таксама ўсіх палітычных вязняў Украіны, якіх трымаюць у расейскіх турмах. На сёння гэта больш за 70 асобаў. Таксама мы звяртаемся да ўлады Польшчы, паколькі тут адбываецца наша акцыя і просім іх пра падтырмку на міжнародным узроўні, а таксама, каб яны звярнулі сваю ўвагу на чэмпіянат свету па футболу. Выслалі афіцыйны ліст з просьбай, каб яны байкатавалі гэты чэмпіянат.

На старонцы руху #SaveOlegSentsov у Твітэры адзначаецца, што акцыі праводзяцца напярэдадні чэмпіянату свету па футболе ў Расеі. У розных гарадах па ўсім свеце актывісты „дадуць чырвоную картку рэжыму Пуціна”, які незаконна ўтрымлівае людзей за кратамі.  

Напярэдадні абвясціў галадоўку ўкраінскі актывіст Аляксандр Кольчанка. Ён патрабуе вызваліць Сянцова. Выпусціць рэжысёра на волю таксама заклікаў Аляксей Навальны. Апазіцыянер заявіў, што калі Сянцоў памрэ ў калоніі, то стане героем. Навальны прапанаваў Крамлю замест гэтага „перайграць” рэжысёра, і абмяняць яго і іншых украінцаў паводле прынцыпу „ўсіх на ўсіх”.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя