У Свіслачы ўшанавалі паўстанцаў 1863 году (абноўлена)



Традыцыйны фэст прысвечаны памяці паўстанцаў 1863 году прайшоў у раённым цэнтры Свіслач. Адметнасцю сёлетняга мерапрыемства стала тое, што гэты дзень быў азначаны жалобай з нагоды смерці Віктара Дзясяціка. Ён быў пахаваны непадалёк ад магілы брата Кастуся Каліноўскага, Віктара.

Кажа адзін з гарадзенцаў, удзельнік жалобнага мерапрыемства:

– Прыязджаю, ужо хіба два гады не быў, бо працаваў за мяжой. У гэтым годзе як звычайна ўразіла тое, што на ўездзе ў Свіслач міліцыянты адразу пачалі здымаць на відэа, на ўездзе і на могілках. Суправаджаюць нас па ўсёй дарозе, куды б мы не паехалі, прыехалі да маёнтка, дзе калісьці жыў Кастусь Каліноўскі, яны за намі. Мы нейкія тэрарысты ці што? Ушаноўваем памяць аднаго з найвялікшых сыноў беларускага народа.

На Свіслацкі фэст прыехалі грамадскія актывісты з Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Меншчыны.

Каля сотні чалавек сабралася ў Свіслачы на традыцыйным ушанаванні памяці паўстанцаў 1863 году.

З падрабязнасцямі наш карэспандэнт, Якуб Сушчынскі:

Чарговы Свіслацкі Фэст прайшоў у Якушоўцы і каля магілы Віктара Каліноўскага. Фэст прайшоў з сумам, бо акурат на гэты дзень прыпала пахаванне свіслацкага актывіста Віктара Дзясяціка, які быў душой і арганізатарам гэтага працяглага ўжо ў гісторыі Беларусі мерапрыемства. Віктара Дзясяціка пахавалі на тых жа могілках, дзе знаходзіцца магіла Віктара Каліноўскага – брата Кастуся Каліноўскага. Пасля людзі, якія прыехалі ў Свіслач з Меншчыны і Берасцейшчыны, накіраваліся да помніка Кастусю Каліноўскаму ў самым цэнтры Свіслачы, паставілі знічкі ля помніку Рамуальду Траўгуту – удзельніку паўстання 1863 году, а таксама завіталі ў Якушоўку, дзе знаходзілася сядзіба сям’і Каліноўскіх, дзе зараз стаіць памятны крыж. У Якушоўцы таксама паставілі знічкі ва ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года. За правядзеннем мерапрыемства ўвесь час сачылі міліцыянты са Свіслацкага райаддзелу міліцыі, здымалі на відэакамеры, фіксавалі прысутных. Але затрыманых не было. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Свіслач