У Тбілісі разагналі мітынг апазіцыі
Грузінская паліцыя разагнала акцыю апазіцыі перад будынкам парламента ў Тбілісі. Яе ўдзельнікі раней заблакавалі фактычна ўсе ўваходы ў заканадаўчы орган краіны. Яшчэ некалькі гадзін таму каля будынку грузінскага парламента знаходзіўся намётавы гарадок.
На варотах заканадаўчага органа актывісты павесілі замок з ланцугамі, а побач паставілі мяшкі са смеццем і пяском. Аднак пасля таго, як парламент не змог пачаць сваю працу, да будынка сцягнулі спецназ. Паліцыянты выкарысталі вадамёты. Многія пратэстоўцы былі затрыманыя.
Фота: On.ge
Пратэсты ў Тбілісі пачаліся ў мінулы чацвер, калі парламент праваліў галасаванне аб змене сістэмы выбараў у заканадаўчы орган на прапарцыйную. У гэтым апазіцыя абвінаваціла кіруючую партыю «Грузінская мара» мільярдэра Бідзіны Іванішвілі. Дэманстранты патрабуюць датэрміновых парламенцкіх выбараў і адстаўкі ўраду.
Беларускае Радыё Рацыя