У ЦВК РФ заявілі, што не будуць браць удзел у назіранні за выбарамі ў Беларусі



Цэнтравыбаркам Расеі не атрымліваў афіцыйнага запрашэння ад беларускіх калегаў для ўдзелу ў назіранні за выбарамі прэзідэнта Беларусі і прыняў рашэнне не накіроўваць туды сваіх назіральнікаў, каб не ставіць пад пагрозу іх здароўе і асабістую бяспеку з-за пагрозы заражэння каронавіруснай інфекцыяй, сказала старшыня ЦВК Расеі Эла Памфілава, — паведамляе ТАСС.

Паводле Памфілавай, расейскія назіральнікі, якія звычайна ўваходзяць у склад місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, «сёлета таксама не маюць магчымасці прыбыць у Беларусь у сувязі з тым, што БДІПЧ атрымала адпаведнае афіцыйнае запрашэнне беларускага боку з вялікім спазненнем».

«Разам з тым ЦВК РФ не лічыць магчымым накіраваць у Беларусь сваіх прадстаўнікоў і ў складзе назіральнай місіі СНД, прымаючы пад увагу, мякка кажучы, вельмі спецыфічнае стаўленне кіраўніцтва Беларусі да каронавіруснай пандэміі», — дадала Памфілава.

Фота: ТАСС