У Варшаве адкрыўся Цэнтр Беларускай Салідарнасці



Сёння ў Варшаве адкрылі Цэнтр Беларускай Салідарнасці – гэтая ініцыятыва аб’яднала больш за дзясятак структураў беларускай дыяспары – Беларускі Моладзевы Хаб, фонд «Беларуская ініцыятыва», Міжшкольную Суполку Навучання Беларускай Меншасці, фонд «Linking Media», фонд «Free Press for Eastern Europe», BYSOL, Польскі Моўны Інстытут, фонд FROG, фонд «Prospect», Belarus Free Theatre, No borders Project / Проэкт Бэз Кордонів, ініцыятыву «Беларуская Нацыянальная Памяць», таварыства «Саюз дзеля дэмакратыі ў Беларусі», каб працягнуць руку беларусам, рэпрэсаваным уладамі за ўдзел у мірных пратэстах.

У прэсавай канферэнцыі прынялі ўдзел сябры агркамітэту ЦБС Улад Кобец, Анатоль Міхнавец, Ларыса Караленка, Аляксандр Лапко, Андрэй Ракевіч, Ксенія Нарановіч, Аліна Коўшык, сябра Прэзідыуму Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова, а таксама асобы, якія ўжо атрымалі дапамогу Цэнтру – працаўнік МТЗ Эдвард Свянціцкі, працаўнік „Гродна Азот” Юры Рававы ды журналіст, незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Ігар Станкевіч.

«У Беларусі з моманту пачатку арыштаў ужо затрымана каля 10 тысяч чалавек. Тысячы людзей збітыя, ужо ёсць пацверджаная інфармацыя аб шасці забітых, супраць многіх распачаты крымінальны пераслед. Мы павінны быць гатовыя да таго, што многія вымушаны будуць пакінуць краіну, таму аб’яднаем намаганні для таго, каб тыя, хто прыедуць у Польшчу, атрымалі неабходную юрыдычную, медычную, матэрыяльную, псіхалагічную дапамогу, дапамогу ў пытаннях адукацыі дзяцей», – распавёў прысутным сябра аргкамітэту ЦБС Улад Кобец.

Па словах Аляксандра Лапко, галоўныя мэты арганізацыі – аб’яднанне розных ініцыятываў і актывістаў у Варшаве, якія да гэтага дзейнічалі паасобку ды дапамога ў распаўсюдзе інфармацыі пра Беларусь за яе межамі.

Цэнтр дапамагае, але і Цэнтру патрэбная дапамога – інфармацыйная ды лагістычная. Мы шукаем дадатковыя магчымасці для жыллёвага фонду і часовага працаўладкавання для рэпрэсаваных ды вольныя рукі валанцёраў, гатовых для працы.

Ужо 20 асобаў перасяклі мяжу з дапамогаю Цэнтру Беларускай Салідарнасці і атрымалі пакеты арганізацыйнай ды фінансавай дапамогі. Яшчэ 10 асобаў чакаюць вырашэння іх справаў у бліжэйшыя дні.

Сябра Прэзідыуму Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова дзякавала беларусам за мяжой за падтрымку, звяртала ўвагу як важна гэта для ўсіх беларусаў.

Мы верым, што ў адзінстве зможам дайсці да свабоды! Нас яднае салідарнасць!

ЦБС [email protected] https://t.me/cbs_help кантактны тэлефон +48668936213

Паводле прэс-рэлізу

Фота: Макс Востры