У Варшаве адзначылі гадавіну выбараў 1989 года
У Варшаве прайшла шматлюдная маніфестацыя, арганізаваная Камітэтам абароны дэмакратыі. У шэсці ўзялі ўдзел былыя прэзідэнты Польшчы Аляксандр Кваснеўскі і Браніслаў Камароўскі.
Мерапрыемства было прысвечана святкаванню даты 4-га чэрвеня 1989 года, калі ў Польшчы – у выніку перамоваў камуністаў з дэмакратычнай апазіцыяй – упершыню пасля Другой сусветнай вайны адбыліся часткова свабодныя выбары. Адначасова, удзельнікі шэсця скарысталіся нагодай, каб папратэставаць супраць дзейнага ўраду:
– Гэта наша свята, дзень свабоды, дзень змены ладу, калі былі праведзены свабодныя выбары. А тое, што ў нас такая ўлада, для нас не найлепш.
– Лічу гэта этапам у вялікай перамозе, толькі этап, бо 4-га чэрвеня не настала поўная дэмакратыя, а толькі важны вялікі элемент дэмакратыі ў сістэму, якая тады яшчэ была дыктатурай.
– У той дзень было вялікае шчасце, што так прайшлі выбары.
Няпярэдадні шэсця былыя прэзідэнты Лех Валенса, Аляксандр Кваснеўскі і Браніслаў Камароўскі падпісалі адкрыты ліст да еўрапейцаў з заклікам да салідарнасці. Аўтары адзначылі, што над Еўропай зноў завісла пагроза мілітарнай агрэсіі з боку Расеі.
„Еўропа павінна быць адзінай і даць адпор нацыяналістам і папулістам, якія сеюць ксенафобію сярод сваіх грамадзянаў”, – гаворыцца далей у лісце.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара