У Вільні на дзяржаўным роўні развітваюцца з паўстанцамі 1863—1864 гадоў



Цырымонія перапахавання парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў праходзіць 22 лістапада ў Вільні.

Чатыры магілы з астанкамі 20 паўстанцаў былі знойдзеныя на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні восенню 2017 года. Дакладна ўстаноўлена, што ў адной з магіл былі астанкі Зыгмунта Серакоўскага. Ускосна пацверджана таксама, што знойдзеныя і астанкі кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Кастуся Каліноўскага.

У 9.30 (тут і далей указана па мінскім часе) труны з астанкамі паўстанцаў вынеслі з ўнутранага двара Палаца правіцеляў Вялікага Княства Літоўскага, на Кафедральнай плошчы адбудзецца ўрачыстае пастраенне. Потым астанкі ўнясуць у кафедральны сабор-базіліку Святых Станіслава і Уладзіслава.

На працягу паўтары гадзіны, пачынаючы з 10.00, пройдзе грамадскае развітанне. У 12.45 у базіліку прыбудуць афіцыйныя асобы і замежныя дэлегацыі. Чакаецца прыезд прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы і прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Таксама прыбудзе беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм`ерам Ігарам Петрышэнкам.

У 13.00 арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас правядзе ў базіліцы святую імшу, у якой паўдзельнічаюць ваенныя капеланы і біскупы Літвы, Польшчы і Беларусі, у тым ліку мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля набажэнства афіцыйныя асобы выступяць з развітальнымі прамовамі.

У 14.20 труны з астанкамі паўстанцаў вынесуць з кафедральнага сабора-базілікі, і жалобная працэсія рушыць на старыя гарадскія могілкі Росы.

Каля 15.00 працэсія спыніцца ля Вострай Брамы, дзе адбудуцца песнапенні на літоўскай, польскай і беларускай мовах. Прыкладна ў 15.50 працэсія прыбудзе на могілкі Росы, труны з астанкамі ўнясуць у спецыяльна падрыхтаваную да гэтай падзеі капліцу, дзе адбудзецца апошняе развітанне.

З 17.00 капліцу, дзе будуць захоўвацца астанкі ўдзельнікаў паўстання, адкрыюць для грамадскага наведвання.

belapan.by