У Вярхоўнай Радзе прайшоў брыфінг, прымеркаваны БНР



Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь разам з беларускім добраахвотнікам Янам Мельнікавым правялі ў Вярхоўнай Радзе брыфінг прымеркаваны да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

З нагоды гэтага свята Ігар Гузь выступіў па-беларуску. Ён адзначыў, што ўжо доўгі час падтрымлівае беларускіх патрыётаў у барацьбе супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: „Я маю больш сотні беларускіх сяброў, з якімі мы змагаемся і будзем змагацца супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

Таксама ў 2014 годзе парламентарый падтрымаў стварэнне беларускага добраахвотніцкага Атраду „Пагоня”, які дапамагаў Украіне змагацца супраць расійскай агрэсіі на Данбасе.

Нардэп пажадаў беларусам давесці да канца справу, якую пачалі заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, а менавіта стварыць на самой справе незалежную нацыянальную дзяржаву.

„Я перакананы, што гэта вам па сілам, а ўкраінцы пры патрэбе дапамогуць. Таксама ў гэты дзень хачу падзякаваць беларускім добраахвотнікам, якія ваявалі і пралівалі сваю кроў за Украіну”,- адзначыў Ігар Гузь.

Таксама падчас брыфінгу выступіў беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў, які ў складзе Тактычнай групы „Беларусь” далучыўся да абароны Украіны.

„Я вельмі ўдзячны, што ў такі цяжкі час для Украіны беларусы могуць чуць словы падтрымкі нашаму народу і віншаванні з нагоды стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння беларусы бачаць, што ў нас ёсць сапраўдныя сябры, такія як спадар Ігар Гузь”, – адзначыў Мельнікаў.

Грамадскі сектар Атраду „Пагоня”