У выбарчыя фонды кандыдатаў паступіла амаль 300 тыс. рублёў



У выбарчыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты па стане на 22 ліпеня паступіла 298.940 рублёў 29 капеек, сведчаць дадзеныя Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Больш за ўсё сродкаў паступіла ў фонд Аляксандра Лукашэнкі — 237.994,84 рубля (79,6% агульнай сумы). На выбарчую кампанію Святланы Ціханоўскай пералічана 51.777,45 рубля (17,3%), Ганны Канапацкай — 4.006 (1,3%), Сяргея Чэрачня — 2.600 (0,9%), Андрэя Дзмітрыева — 2.562 (0,9%).

Кандыдаты выдаткавалі ў агульнай складанасці 13.708 рублёў 58 капеек, або 4,6% сродкаў, якія паступілі на іх рахункі. Больш за іншых выдаткавала Ціханоўская — 5.893,86 рубля (43% выдаткаў кандыдатаў і 11,4% яе фонду). Выдаткі Канапацкай склалі 3.044 рублі (22,2% выдаткаў кандыдатаў і 76% яе фонду), Чэрачня — 2.501,58 (18,2% выдаткаў кандыдатаў і 96,2% яго фонду), Лукашэнкі — 1.354,04 (9,9% выдаткаў кандыдатаў і 0,6% яго фонду), Дзмітрыева — 915,10 рубля (6,7% выдаткаў кандыдатаў і 35,7% яго фонду).

Апошні раз ЦВК публікавала звесткі аб выбарчых фондах кандыдатаў (на той момант прэтэндэнтаў) 24 чэрвеня. За мінулы час на рахункі Канапацкай і Чэрачня не паступіла ні капейкі, пры гэтым выдаткаў яны таксама не ажыццяўлялі. Фонд Лукашэнкі на дзень апублікавання апошніх чэрвеньскіх звестак яшчэ не быў створаны.

Палажэнне аб выбарчым фондзе асобы, якая вылучаецца кандыдатам, або кандыдата ў прэзідэнты было зацверджана на пасяджэнні ЦВК 8 мая. Памер выбарчага фонду не павінен перавышаць 9 тыс. базавых велічынь (243 тыс. рублёў на сёння). Такім чынам, фонд Лукашэнкі складае 97,9% максімальнай дапушчальнай сумы, Ціханоўскай — 21,3%, Канапацкай — 1,6%, Чэрачня і Дзмітрыева — 1,1%.

Выбарчы фонд фарміруецца з уласных сродкаў кандыдата, а таксама добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных і фізічных асоб. Для юрыдычных асоб максімальны памер узносаў складае 50 базавых велічынь, для грамадзян — 20.

Спецыяльны рахунак для фарміравання выбарчага фонду кандыдат адкрывае ў „Беларусбанку”. Яго сродкі могуць быць выкарыстаны толькі для аплаты выдаткаў, звязаных з выбарамі, у тым ліку для аплаты працы членаў ініцыятыўных груп і перадвыбарнай агітацыі.

Сярод прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта найбольшую суму ў выбарчым фондзе меў Віктар Бабарыка — 155.083 рублі (63,8% максімуму). 17 чэрвеня, за дзень да затрымання экс-банкіра, стала вядома, што яго рахунак заблакаваны.

Прэзідэнцкія выбары пройдуць 9 жніўня.