У выканкамы Лукашэнка прызначае афіцэраў МУС і КДБ



У выканкамы прызначаюць афіцэраў МУС і КДБ — сярод сілавікоў працягваюць шукаць кадры для „вертыкалі” ўлады. У панядзелак Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў шэраг такіх прызначэнняў у розных рэгіёнах краіны.

Да прыкладу. Старшынём Браслаўскага райвыканкама стане Вячаслаў Грышчанка, які працаваў намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама. Алег Малышэўскі „з сістэмы МУС” ачоліць Чэрыкаўскі райвыканкам. Членам Берасцейскага аблвыканкама стаў начальнік упраўлення КДБ па Берасцейскай вобласці Максім Радзькоў і так далей.

Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка сілавікамі „умацоўвае” органы мясцовай улады. „Мы абсалютна не адкідаем (і я на гэтым настойваю) людзей вайсковых у вертыкалі ўлады, — заявіў ён. — Я маю на ўвазе людзей у пагонах: міліцыянераў, армейцаў, чэкістаў — не важна. Галоўнае, каб быў добры кіраўнік. Гэта галоўнае зараз”.

Лукашэнка падкрэсліў, што праціўнікі ўлады ставяць перад сабой мэту працягнуць сваіх людзей ва ўладу. Дапусціць гэтага ні ў якім разе нельга.