У выніку тэракту ў суфійскай мячэці ў Пакістане загінулі 72 чалавекі



Ахвярамі самападрыву тэрарыста-смяротніка ў маўзалеі суфійскага святога Лал Шахбаз Каландары на поўдні Пакістана сталі 72 чалавекі, больш за 200 атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў прадстаўнік пакістанскай паліцыі, перадае Reuters.

Як адзначае выданне, інцыдэнт адбыўся ў горадзе Севан Шарыф. Калі смяротнік здзейсніў самападрыў, у маўзалеі было шмат наведвальнікаў. Прадстаўнік паліцыі паведаміў агенцтву, што колькасць загінулых хутчэй за ўсё ўзрасце.

Як адзначае агенцтва Al Jazeera са спасылкай на міністра аховы здароўя правінцыі Сінда Сікандара Мандхра, медыцынскія ўстановы горада Севана не валодаюць сродкамі для дапамогі вялікай колькасці пацярпелых. Бліжэйшы шпіталь да маўзалея, дзе адбыўся выбух, знаходзіцца ў 70 км ад месца здарэння.

Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за тэракт.