У Зальцбургу пройдзе саміт краін ЕЗ, прысвечаны міграцыі



Саміт Еўразвязу, які адбудзецца на гэтым тыдні ў Зальцбургу, павінен дапамагчы залагодзіць напружанні паміж чалецкімі краінамі, выкліканымі нелегальнай міграцыяй. Аднак усё сведчыць аб тым, што прагрэсу ў справе цэнтраў для выратаваных на моры ўцекачоў не будзе.

У сераду і чацвер кіраўнікі краін ЕЗ будуць абмяркоўваць прапановы ўзмацнення Еўрапейскай памежнай і прыбярэжнай службы Фронтэкс. Прапановы пашырэння кампетэнцый гэтай службы выклікаюць супраціў часткі краін – Вугоршчыны, Чэхіі, Славакіі. У сваю чаргу Нямеччына вельмі моцна падтрымлівае гэтую прапанову.

Еўрапейская камісія прапануе, каб Фронтэкс да 2020 году налічваў 10 тысяч функцыянераў. Прапануецца таксама даць ім большыя паўнамоцтвы. Функцыянеры маглі б правяраць асобу, выдаваць дазвол ці адмаўляць ва ўездзе на вонкавых межах, затрымліваць на мяжы.

На бліжэйшым саміце лідары краін ЕЗ будуць агучваць свае пазіцыі ў гэтай справе. Дэбата на высокім узроўні павінна вырашыць патэнцыйныя праблемы.

radyjo.net

Фота Vesti.Ru