У журналістаў не спыталі. Пра змены закона аб СМІ



І тут гучыць пытанне, чаму не ўлічваецца меркаванне журналіскай супольнасці. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прыняла змены ў закон аб СМІ.

“За” 98 дэпутатаў, “супраць” — 2, столькі ж не галасавалі.

Законапраект дае магчымасць ажыццяўляць дзяржаўную рэгістрацыю ў якасці сеткавага выдання, устанаўлівае правы i абавязкі ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу. Дакумент прапануе абмежаваць замежны ўдзел у фармаванні беларускай інфармацыйнай прасторы, у тым ліку праз забарону на распаўсюджванне прадукцыі замежнага СМІ на тэрыторыі Беларусі без атрымання адпаведнага дазволу. Дакумент таксама пашырае пералік відаў інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ забароненае. Удакладняецца працэдура прыняцця рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу.

Пашыраецца адказнасць за парушэнні заканадаўства аб СМІ.

Прадстаўляў яго міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, паводле якога беларускае грамадства ужо саспела да такіх пераменаў:

– Відаць грамадства жадае атрымліваць інфармацыю, шырока, адкрыта, але разам з тым грамадства спрачаецца ў тым, у якім фармаце павінна быць інфармацыя выкладзена.

Інфармацыя павінна аказваць уплыў у тым ліку на псіхіку грамадзян. 

Праект прымаецца імкліва, хаця журналісцкая супольнасць, сярод іншага, Беларуская асацыяцыя журналістаў прасіла пачакаць, кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец:

– Законапраект пакуль прыняты ў першым чытанні – гэта значыць, што ён прыняты канцэптуальна, а ўжо дэталёва ён будзе разглядацца пасля. Спадзяюся, што пэўныя нашыя прапановы могуць быць улічаныя.

Як яно будзе, стане зразумела толькі пасля другога чытання.

У гэтай сітуацыі дэпутаты толькі выканаўцы, кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі, які тлумачыць, куды спяшаюцца дэпутаты:

Загад нейкі быў зроблены з самага верху.

– На мой погляд, Аляксандр Лукашэнка не выпадкова нядаўна, калі сустракаўся з дзяржаўнымі журналістамі, сам завёў гаворку пра гэты новы закон аб СМІ. Ён сказаў, што мусіць абараніць ад дэструктыўнай інфармацыі і г. д. Ён сам і ініцыяваў гэтыя змены, каб неяк заціснуць вольніцу ў інтэрнэце, або гэта з ім узгаднілі нейкія людзі з атачэння.

 

Законы павінны палягчаць жыццё людзей, а не ўскладняць.

Кажа дэпутат Алена Анісім:

– „У дадзеным выпадку мая пазіцыя такая, што закон трэба пераглядаць”, – перакананая дэпутат Палаты прадстаўнікоў. „Некаторыя аргументы, якія там гучалі, што грамадзян трэба адгарадзіць ад непажаданай інфармацыі, яны гучаць смешна. Дзяржава бярэ на сябе ўсё, дарослых людзей адгароджваць ад інфармацыі – гэта смешна. Людзі самі могуць выбіраць і адказваць за тое, што яны глядзяць”.

Спытацца ў прафесіяналаў – галоўнае, што паводле Алены Анісім не выканалі ўлады:

– Павінен быць голас прафесіяналаў-журналістаў, якія працуюць у гэтай сферы. Іх непасрэдна датычыць гэты закон, таму вялікіх спадзяванняў няма. Але паколькі Аляксандр Карлюкевіч усё ж такі сказаў, што яны шчыльна працуюць з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, то можа быць да другога чытання ўдасца дасягнуць нейкага кампрамісу па такіх канцэптуальных пытаннях. Вельмі хацелася таму, што мы ўсе завязаныя на інфармацыйнай прасторы, і ўрэшце рэшт свабода слова ёсць свабода слова. Канешне яна падразумевае і адказнасць, але гэта таксама можна прадугледзіць, за нейкія такія рэчы, якія прапісаныя ў нас у заканадаўстве – варожасць, нянавісць і г. д.

Працягвае Аляксандр Класкоўскі:

Спяшаюцца таму, што наперадзе важныя палітычныя кампаніі прэзідэнта, парламента, і не выключана, што рэферэндум таксама.

Карлюкевіч гаворыць, што да другога чытання будзе абмяркоўваць гэтыя папраўкі з журналісцкай супольнасцю. Ці ёсць нейкі сэнс абмяркоўваць, калі ў першым чытанні так хутка гэты закон прыняты?

– Калі будзе рабіцца абмеркаванне, то толькі для блізіру. Калі б яны хацелі пачуць грамадскасць, то маглі б прытармазіць, бо фармальна ніхто ў шыю не гоніць. Міністэрства інфармацыі і сёння мае вялікія паўнамоцтвы, можа любы сайт у імгненне вока заблакаваць. Мы бачым, што іншым разам гэта і робіцца, захацелі і Хартыю-97 заблакавалі па цяперашнім законе. Ніякай пажарнай нагоды няма. Папярэднія папраўкі прымаліся напрыканцы 2014 зусім цішком, іх пракруцілі праз парламент, што выклікала вялікую крытыку. Таму цяпер чыста фармальна відаць, каб Еўропе паказаць, што ў нас тут нейкі дыялог з грамадскай супольнасцю. Літаральна за некалькі дзён да разгляду ў парламенце далі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Але і часу мала было, і відавочна, што пасля першага чытання ўжо нейкія канцэптуальныя праўкі не ўнясуць, чыста тэхналагічна ў парламенце пару косак умоўна могуць пераставіць. Таму ўжо сёння зразумела, што Беларуская асацыяцыя журналістаў і дэпутат Ганна Канапацкая пралятаюць, „як фанера над Парыжам”, з альтэрнатыўнымі прапановамі. Атрымліваецца, што дыялог з грамадскасцю проста „пыл у вочы” і не болей.

Заўвагі і прапановы да законапраекта (у тым ліку і Беларускай асацыяцыі журналістаў) профільная камісія разгледзіць да другога чытання. Па словах Карлюкевіча, ён будзе сустракацца са старшынём БАЖа Андрэем Бастунцом і абмяркоўваць прапанаваныя праўкі. Калі адбудзецца разгляд законапраекта ў другім чытанні, пакуль невядома.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя