Удзельнікаў „Усебеларускага сходу” ўнясуць у санкцыйны спіс
„Усебеларускі сход” прызначаны на 11-12 лютага 2021 года. У ім павінны прыняць удзел 2700 чалавек — менавіта столькі змяшчае зала палаца.
У заяве Народнага антыкрызіснага кіравання, апублікаванай у яго тэлеграм-канале, адзначаецца, што сённяшняя ўлада Беларусі нелегітымная: „У жніўні 2020-га пасля нахабнай фальсыфікацыі выбараў у Беларусі адбыўся сілавы захоп улады, а народ быў пазбаўлены права голасу, абмежаваны ў правах”.
У сувязі з гэтым, НАК лічыць сход нелегітымным: „Акрамя ўласнай адстаўкі, любыя ініцыятывы нелегітымнай улады нелегітымныя”. Правядзенне Усебеларускага сходу называецца чарговай палітычнай маніпуляцыяй з мэтай надаць уладзе Лукашэнкі легітымнасць у вачах беларусаў і міжнароднай супольнасці.
НАК заяўляе, што будзе выступаць за ўнясенне ўдзельнікаў „Усебеларускага сходу” ў санкцыйныя спісы і ў базу Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў — „як людзей, якія груба парушаюць Канстытуцыю, правы і свабоды грамадзян Беларусі”.
