Уезд на тэрыторыю ЕЗ абмяжоўваецца на 30 дзён



Еўразвяз на 30 дзён абмяжоўвае ўезд грамадзян трэціх краін на сваю тэрыторыю, паведамляе прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

„Лідары ЕЗ дамовіліся часова, на 30 дзён, абмежаваць паездкі з трэціх краін у ЕЗ, якія не з’яўляюцца неабходнымі, — гаворыцца ў паведамленні. — Рашэнне пра працяг гэтага тэрміну можа быць прынятае ў залежнасці ад далейшага развіцця падзей”.

З рэжыму часовага абмежавання паездак для вяртання дадому прадугледжаныя выключэнні для грамадзян краін ЕЗ і краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону (Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя).

У прадстаўніцтве ЕЗ падкрэслілі, што да канца 2020 года на грамадзян Вялікабрытаніі распаўсюджваюцца правілы, якія дзейнічаюць у адносінах да грамадзян краін ЕЗ.

„Выключэнні таксама прадугледжаныя для падарожнікаў, якія выконваюць важныя неадкладныя функцыі, і для неабходных паездак”, — адзначаецца ў паведамленні.

З прапановай увесці 30-дзённае абмежаванне на ўезд грамадзян трэціх краін на тэрыторыю ЕЗ выступіла 16 сакавіка кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйнен. 17 сакавіка канцлер Германіі Ангела Меркель паведаміла, што кіраўнікі краіны ЕЗ падтрымалі гэтую прапанову.

belapan.by