Украіна адкрыла ўезд замежнікам



Украіна дазволіла ўезд замежнікаў на сваю тэрыторыю: заявіў агенцтву „Інтэрфакс-Украіна” прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы краіны Андрэй Дземчанка. Абмежаванні былі ўведзены месяц таму ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі. Уехаць замежныя грамадзяне маглі толькі на важкіх падставах: да прыкладу на вучобу ці на працу. На мяжы трэба было прад’явіць адпаведнае запрашэнне. Зараз усе абмежаванні зняты.

У сувязі з палягчэннямі правілаў уезду грамадскія арганізацыі Украіны прагназуюць рост колькасці беларусаў, якія будуць шукаць тут прытулку ці ратавацца ад пераследу. У Вярхоўнай радзе ў сваю чаргу ўзнялі пытанне аб юрыдычным статусе нашых суайчыннікаў.

Дэпутат фракцыі „Голас” Іна Соўсун звярнулася да ўрада, каб у дачыненні да беларусаў прымяняць так званую „часовую абарону”:

– Гэтая абарона надаецца грамадзянам суседняй з Украінай краінам, якія ў сілу абставінаў, якія ад іх не залежаць, масава прыязджаюць на тэрыторыю Украіны. Мы бачым, што ў гэтае азначэнне дакладна трапляюць грамадзяне Беларусі, якія ўцякаюць ад гвалту ці ад пагрозы гвалту, якія яны бачаць у сябе ў краіне. Для таго, каб надаць часовую абарону, неабходна, каб урад прыняў рашэнне пра прызнанне сітуацыі ў суседняй краіне Беларусі, як такой, якая можа прывесці да таго, што грамадзяне масава пакідаюць тэрыторыю гэтай краіны і прыязджаюць ва Украіну.

Пакуль для беларусаў, якія прыбываюць ва Украіну ёсць дзве магчымасці легальна знаходзіцца тут больш за 90 дзён: атрымаць статусу бежанца ці дазвол на жыхарства.

Беларускае Радыё Рацыя