Украіна гатова забяспечыць працай беларускіх айцішнікаў



Украіна гатова забяспечыць працай беларускіх айцішнікаў, заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў ходзе паездкі па Львоўскай вобласці 17 верасня.

Адным з мерапрыемстваў у рамках візіту была сустрэча з прадстаўнікамі IT-галіны.

«І падаткаў вышэй за 5% не будзе, таму што мы хочам, каб у Еўропе наша Украіна была своеасаблівым IT-хабам для маладых, таленавітых людзей. І ўжо ёсць прыклады. Да нас звярталіся беларусы ў сувязі з тымі трагічнымі падзеямі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Шмат айцішных вядучых кампаній, гэта сапраўды ўжо сотні айцішнікаў, звяртаюцца да нас. Мы хочам іх – ну так нельга сказаць »размясціць ва Украіне« – а забяспечыць працай», – сказаў Зяленскі.

Раней улады Літвы паведамілі, што ў гэтую краіну хочуць пераехаць супрацоўнікі 21-ой беларускай IT-кампаніі. У Латвію збіраюцца перабрацца ўжо 12 кампаній.

Беларускае Радыё Рацыя