Украіна плануе далучыцца да санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі



Украіна плануе далучыцца да санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі і не мае намеру змяншаць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Менску, паведаміў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба ў інтэрв’ю „BBC News Украіна”.

„Я хачу паглядзець на канчатковае юрыдычнае рашэнне, хто там у гэтым спісе. Але так, мы настроеныя далучыцца да гэтых санкцый, таму што тут ужо гаворка ідзе аб пытаннях паслядоўнасці палітыкі”, — заявіў кіраўнік украінскага МЗС.

„Украіна лічыць, што ў гэтай сітуацыі важна дзейнічаць адзіным фронтам. Мы робім усё, што ў нашых сілах, каб дапамагаць народу Беларусі ў гэтай складанай сітуацыі”, — дапоўніў ён.

Кулеба адзначыў, што кошт такой салідарнасці для Украіны нашмат вышэйшы, чым для краін ЕС або НАТА, таму што Украіна не знаходзіцца пад „парасонам абароны” гэтых аб’яднанняў, а пашырэнне ўплыву Расіі ў Беларусі пагражае ўкраінскай бяспецы.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што Украіна плануе далучыцца менавіта да персанальных санкцый у дачыненні да пэўных прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва. „Што тычыцца эканамічнага ўзаемадзеяння — мы не плануем атакаваць. Мы не плануем рабіць Беларусі яшчэ горш — мы жадаем ёй толькі дабра. У нас няма ў планах нейкага эмбарга, увядзення нейкіх абмежаванняў на гандаль”, — паведаміў Кулеба.

Аднак гэтая пазіцыя можа змяніцца ў выпадку, калі Расія ўсталюе кантроль над беларускімі прадпрыемствамі. „Вось тады трэба садзіцца і аналізаваць кожны буйны кантракт, глядзець, ці не з’явіліся дадатковыя рызыкі, у нас ёсць узаемадзеянне і ў ваенна-гандлёвым сектары”, — растлумачыў міністр.

Таксама Украіна не мае намеру змяншаць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску. „Я не бачу падстаў для разрыву дыпламатычных адносін або для паніжэння прысутнасці Украіны ў Беларусі да ўзроўню часовага паверанага, як у нас гэта з Расіяй”, — адзначыў Кулеба.

Еўрасаюз 2 кастрычніка ўвёў персанальныя санкцыі ў дачыненні да больш чым 40 афіцыйных асоб Беларусі, якія датычныя да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян краіны.

МЗС Беларусі заявіла аб увядзенні ў дзеянне „санкцыйнага спіса ў адказ”, але не стала яго публікаваць „у адпаведнасці з цывілізаванай дыпламатычнай практыкай”.

belapan.by