Украіна рыхтуе дакументы да візіту Зяленскага ў Беларусь



«Пытанні паглыблення ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва, у прыватнасці культурных сувязяў», абмеркаваныя падчас тэлефоннай размовы кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ярмака з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігарам Сяргеенкам. Як паведаміла вечарам 10 ліпеня прэс-служба ОПУ, Ярмак праінфармаваў суразмоўцу «аб ініцыятыве ўкраінскага боку па падрыхтоўцы шэрагу двухбаковых дакументаў да сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Рэспублікі Беларусь, якая плануецца восенню гэтага года».

Бакі дамовіліся «аб далейшых кантактах для больш прадметнага разгляду прапаноў».

Ярмак і Сяргеенка сустракаліся месяц таму падчас візіту кіраўніка ОПУ ў Менску ў рамках перамоўнага працэсу па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

Тады яны таксама закранулі тэму будучыні афіцыйнага візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Беларусь, які папярэдне запланаваны на кастрычнік (у гэты час у Гародні мусіць прайсці чарговы Форум рэгіёнаў дзвюх краін).

Бакі выказалі надзею, што эпідэмічная сітуацыя не перашкодзіць удзелу прэзідэнтаў дзвюх краін у гэтым мерапрыемстве, і «адзначылі добрую дынаміку павелічэння тавараабароту паміж дзвюма краінамі».

Сяргеенка назваў значным поспехам аднаўленне вясной гэтага года транзіту нафты праз тэрыторыю Украіны на Мазырскі НПЗ і выказаў упэўненасць, што працяг такога супрацоўніцтва будзе садзейнічаць умацаванню энергетычнай бяспекі Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота прэс-службы прэзідэнта Украіаны