Украіна, Славакія і Чэхія асудзілі блакіроўку tut.by



З асуджэннем блакавання партала tut.by выступілі міністэрствы замежных спраў Украіны, Славакіі і Чэхіі.

„Асуджаем блакаванне ўладай Беларусі незалежнага беларускага медыярэсурса tut.by і пераслед яго журналістаў. Tut.by вядомы высокімі стандартамі журналістыкі і аб’ектыўным асвятленнем падзей. Заклікаем беларускую ўладу спыніць атакі на свабоду слова”, — напісаў у „Твітэры” прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Алег Ніколенка.

„Чарговы ўдар па незалежнай журналістыцы ў Беларусі, — заявіў у „Твітэры” кіраўнік славацкай дыпламатыі Іван Корчак. — Заклікаю беларускія ўлады спыніць крыміналізацыю і блакаванне СМІ, уключаючы tut.by, а таксама вызваліць усіх арыштаваных журналістаў. Не яны ўяўляюць пагрозу для Беларусі”.

Чэшскае МЗС „рашуча асуджае” блакаванне tut.by. „Гэта яшчэ адна прыкмета рэпрэсій супраць незалежных СМІ ў Беларусі. Свабода слова і друку — неабходная ўмова дэмакратычнага грамадства”, — гаворыцца ў заяве.

Раней з асуджэннем ганенняў на партал выступілі ЕЗ, АБСЕ, Савет Еўропы, ЗША, Літва, Латвія, „Міжнародная амністыя”, „Рэпарцёры без межаў”.

belapan.by