Украіна забараніла вяшчанне тэлеканала «Дождь»



Нацыянальная рада Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання забараніла вяшчанне расейскага тэлеканала «Дождь» з-за парушэння ўкраінскага заканадаўства. Пра гэта «Дождю» паведаміў прадстаўнік правайдэра-партнёра «Воля», чый юрыст прысутнічаў на пасяджэнні рэгулятара.

2753226 07.12.2015 Офис телеканала "Дождь" в Москве. Евгений Биятов/РИА Новости

Па словах прадстаўніка «Волі» Аксаны Весяловай, рашэнне аб выключэнні «Дождя» з пераліку замежных праграм, змест якіх адпавядае ўкраінскаму заканадаўству, было прынятае на пасяджэнні Нацрады 12 студзеня. Афіцыйны дакумент будзе апублікаваны 16 студзеня. З гэтага моманту ў аператараў будзе месяц, каб выключыць канал з сетак.

Весялова распавяла, што трансляцыя канала на тэрыторыі краіны была забароненая з-за размяшчэння ў эфіры камерцыйнай рэкламы. Украінскае заканадаўства забараняе размяшчэнне рэкламы ў эфіры замежных тэлеканалаў. Выключэнне складаюць каналы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза або дзяржаў, якія ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні (Расея не ўваходзіць у лік гэтых дзяржаў).

«Інтэрфакс» са спасылкай на члена Нацрады Сяргея Касцінскага называе яшчэ адну прычыну забароны на вяшчанне «Дождя».

Па звестках агенцтва, тэлеканал парушыў закон краіны, транслюючы інфармацыю, якая робіць замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны — тэлеканал паказвае Крым як тэрыторыю Расеі.

«Мне вельмі шкада, што Нацрада Украіны прыняла такое рашэнне», — заявіла гендырэктар «Дождя» Наталля Сіндзеева. Паводле яе слоў, у адпаведнасці з умовамі дагавораў з усімі правайдэрамі на Украіне вяшчанне «Дождя» на ўсёй тэрыторыі краіны ажыццяўляецца праз IP-злучэнне без прамой камерцыйнай рэкламы. Яна адзначыла, што Нацрада Украіны была апавешчана пра гэта 8 жніўня 2016 года, пасля чаго прэтэнзій  адносна неадпаведнасці зместу тэлеканала ўкраінскаму заканадаўству «Дождь» не атрымліваў.

Па словах Сіндзеевай, тэлеканал кіруецца расейскім заканадаўствам пры адлюстраванні карты Расеі. «У адпаведнасці з артыкулам 65 Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі Рэспубліка Крым з’яўляецца суб’ектам Расейскай Федэрацыі», — удакладніла Сіндзеева.

tvrain.ru