Украіна заканадаўча замацавала імкненне стаць чальцом НАТА



Вярхоўная рада Украіны большасцю галасоў прыняла законапраект, які афіцыйна замацоўвае імкненне краіны стаць чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу.

За гэтае рашэнне выказаліся 276 з 357 дэпутатаў парламента, якія зарэгістраваліся ў зале галасавання.

Фракцыя «Апазіцыйны блок» у поўным складзе адмовілася ад удзелу ў галасаванні.

Аўтары законапраекту, у ліку якіх спікер Рады Андрэй Парубій, першы віцэ-спікер Ірына Герашчанка і экс-міністр замежных спраў Барыс Тарасюк, тлумачылі неабходнасць паглыблення супрацоўніцтва з НАТА жаданнем забяспечыць гарантыі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

«Агрэсія Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, анексія часткі ўкраінскай тэрыторыі паставілі перад украінскай дзяржавай неадкладную задачу адносна рэальнага гарантавання нацыянальнай бяспекі краіны», — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да дакумента.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка неаднаразова заяўляў, што ўступленне ў НАТА застаецца стратэгічнай мэтай Украіны.

У лютым гэтага года ён паведаміў, што ва Украіне пройдзе рэферэндум аб уваходжанні ў альянс і паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся сяброўства ў НАТА, калі за гэта прагаласуе народ Украіны.

Бі-бі-сі