Украінскі кот-дыпламат супраць руса-пацукоў



Паміж Украінай і Расеяй разгарнуўся чарговы дыпламатычны скандал. Нагодай для яго стаў кот, якога завялі ва ўкраінскім Міністэрстве Замежных спраў.

Усё пачалося з паведамлення на Facebook-старонцы Дырэктара палітычнага дэпартамента украінскага Міністэрства Замежных Спраў Аляксея Макеева.

“Нядаўна прызначылі новага Пасла, і ён ужо на працы, — напісаў Макееў пад фотаздымкам з выявай сімпатычнага паласатага ката. – Знаёмцеся – Амбасадор. Ён будзе прадстаўляць украінска-каціныя інтарэсы на міжнароднай арэне, бараніць ад руса-пацукоў і спрыяць прасоўванню ўкраінскага малака на міжнародных рынках. Бескаштоўна!”

Паведамленне выклікала рэзкую рэакцыю спікера расейскага Міністэрства замежных спраў Марыі Захаравай, якая абвінаваціла ўкраінскі бок у “тупым нацыяналізме” і, згодна традыцый расейскай дыпламатыі, змясціла фэйкавае відэа, на якім нейкага іншага ката ганяюць пацукі.

Тым самым расейская дыпламатка ўскосна вызнала, што руса-пацукі ўсё ж такі існуюць.

Рэакцыі ўкраінскіх дыпламатаў на махровую катафобію расейскіх калег пакуль няма.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя