Украінскі парламент разгледзіць заяву аб сітуацыі ў Беларусі



На наступным тыдні ўкраінскі парламент павінен разгледзець заяву аб сітуацыі ў Беларусі, паведаміў спікер Вярхоўнай рады Дзмітрый Разумкоў 10 верасня ў Вільні пасля сустрэчы са сваім літоўскім калегам Віктарасам Пранцкецісам.

„Спадзяюся, што ў пачатку пленарнага тыдня гэтае пытанне будзе вынесенае ў залу, мы зможам яго абмеркаваць і прыняць узважанае, правільнае рашэнне, якое будзе адстойваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі”, — сказаў Разумкоў.

„Пазіцыя Украіны неаднаразова агучвалася і цалкам адлюстроўвае адпаведную палітыку іншых дэмакратычных дзяржаў, — адзначыў спікер ВР. — Выбары павінны быць сумленнымі і прызнанымі як унутры дзяржавы, так і за яе межамі. Для Украіны прынцыпова, каб Беларусь была дэмакратычнай, свабоднай і незалежнай”.

„На жаль, Украіна адчула на сабе, да чаго могуць прывесці падзеі, якія мы назіраем сёння ў Беларусі, — сёмы год запар на ўсходзе нашай дзяржавы працягваецца ўзброеная агрэсія, ёсць акупаваныя тэрыторыі на Данбасе і ў Крыме. Таму я шчыра жадаю беларускаму народу, каб яму ўдалося не дапусціць такога на сваёй тэрыторыі”, — сказаў Разумкоў.

9 верасня на сустрэчы са спікерам сената Польшчы (верхняя палата парламента) Томашам Гродзкім кіраўнік ВР падкрэсліў: „Украіна ніколі не ўмешваецца ў выбарчы працэс іншых дзяржаў, але для нас важна, каб была абраная легітымная ўлада. Гэта пытанне не толькі захавання дзяржавы Беларусь, але і стабільнасці ў рэгіёне”.

Украіна не прызнала афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і прыпыніла ўсе кантакты на афіцыйным узроўні. На некаторы час на кансультацыі ў Кіеў быў адкліканы пасол Украіны ў Мінску Ігар Кізім.

belapan.by