Улад Кобец: Дзіўна бачыць такі гвалт у Беларусі пасля 1944-га
Пацярпелыя беларусы шукаюць дапамогі ў першую чаргу ад фондаў, якія працуюць на тэрыторыі Польшчы. Спрыянне ў праходжанні мяжы, памяшканні для каранціну ды інфалінія юрыстаў – усё гэта працуе ў адной зладжанай сістэме.
Новыя магчымасці для беларусаў агучыў прадстаўнік Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве Улад Кобец:
– 28 кастрычніка парламент прагаласаваў закон аб зменах у заканадаўстве ад замежніках. Прэзідэнт ужо падпісаў 2 лістапада гэты закон. З моманту публікацыі пасля 14 дзён ён уступае ў сілу і беларусы, якія ўехалі ў Польшчу па любых візах, то бок гуманітарных, турыстычных, яны атрымліваюць права працаваць. Даецца працэдура дазволу на работу. Але гэта стандартная бюракратычная працэдура, яна не складаная.
Таксама Улад Кобец нагадаў аб мажлівасці ўезду беларусаў без візаў у Польшчу праз гуманітарны калідор.
Тым не менш, галоўнай мэтай для беларускіх фондаў застаецца фіксацыя злачынстваў рэжыму:
– Чытаць гэтыя кейсы балюча, у нас тут хлопцы з ByPol, афіцэры, якія праглядаюць кейсы, яны ўсё гэта дакументуюць. Учора была апублікаваная і агучаная дата даклада па маскоўскаму механізму АБСЕ, і там сярод рэкамендацыяў ёсць стварэнне міжнароднага следчага органа, да працы якога будуць далучаны крыміналісты. Гэтыя сведчанні будуць туды прадстаўлены і там расследаваны.
Улад Кобец з калегамі лічаць, што заява Лукашэнкі аб неўпусканні ў Беларусь „разумных беларусаў, якія выехалі з краіны ў няпросты час”, надасць дадатковую нагрузку на фонды дапамогі. Аднак такія арганізацыі справяцца са зборам і размеркаваннем сродкаў для пацярпелых.
Беларускае Радыё Рацыя
